Шуміліншчына справіла «Дажынкі»
Яркае, каларытнае, самабытна-беларускае свята, якое шчыра славіць чалавека працы і дзячыць зямлі за плён, — гэта Дажынкі. Дажынкі хваляю пракаціліся па ўсёй краіне,
спяваючы гімны хлебаробам, усім працаўнікам вёскі.
У суботу 15 кастрычніка Дажынкі завіталі на Шуміліншчыну — у райцэнтры быў наладжаны фестываль-кірмаш. Зранку ён разгарнуў на цэнтральнай плошчы свой абрус, на якім красаваліся і караваі з пірагамі, і бульба з капустай, і сыр з каўбасой…
А ў 11 гадзін лепшых хлебаробаў раёна, перадавых працаўнікоў раслінаводства і жывёлагадоўлі прымала святочна прыбраная зала Дома культуры. На самым ганаровым месцы ў фае дажыначны сноп, на вышытых ручніках каравай.
З каравая новага ўраджаю, які па добрай традыцыі дзяўчаты ў нацыянальных уборах уручаюць кіраўніку раёна, пачынаецца сцэнарый свята.
В. А. Падляшчук шчыра дзякуе за хлеб, за працу, за любоў да роднай зямлі. Ён з гонарам зазначае, што сёлетнія Дажынкі Шуміліншчына сустракае з важкім караваем, вага якога 36 тысяч 96 тон зерня. За гэтым поспехам шчодрая самаахвярная праца соцень людзей — механізатараў, жывёлаводаў, паляводаў, кіраўнікоў, спецыялістаў — усіх работнікаў галіны.
На агульны вынік працавалі і новыя тэхналогіі, новая тэхніка. Вальдэмар Антонавіч адзначае, што толькі сёлета раён атрымаў 21 зернеўборачны камбайн, іншую неабходную для сельскай гаспадаркі сучасную тэхніку. Але ж, як справядліва зазначае В. А. Падляшчук, галоўнае — людзі, іх сумленная праца, прафесіяналізм, адданасць сваёй справе.
Многія з тых, чые прозвішчы старшыня райвыканкама называе з высокай трыбуны, пацвярджаюць званне лепшых з году ў год. Як, напрыклад, механізатар Мікалай Зосімаў — неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх Дажынак, як камбайнеры-тысячнікі Мікалай Карнілаў і Сяргей Гоманаў, вадзіцель Леанід Галавач і многія іншыя.
Ім і ўсім работнікам сяла Вальдэмар Антонавіч дасылае словы вялікай падзякі. Ён дзякуе таксама за шэфскую дапамогу раённым і абласным арганізацыям, не забывае пра ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, адзначае іх неацэнны ўклад у развіццё галіны.
За апошнія гады зроблена вельмі многа, падкрэслівае В. А. Падляшчук, але наперадзе яшчэ больш напружаныя задачы па павышэнні эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу: новая Дзяржаўная праграма развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады ставіць задачу выйсці на еўрапейскі ўзровень сельгасвытворчасці. На інтэнсіўнае развіццё нацэльвае аграпрамысловы комплекс вобласці і абласная праграма развіцця сельскагаспадарчых арганізацый на бягучую пяцігодку “Вітагра”.
Чалавеку вельмі важна ведаць, што ягоная праца патрэбная, што яна ацэнена — калектывам, кіраўніцтвам прадпрыемства, раёна. І тады ён не дазволіць сабе апусціць планку ўласных дасягненняў ніжэй, будзе імкнуцца да новых здзяйсненняў і вяршынь, будзе паказваць прыклад іншым, у першую чаргу моладзі.
У зале нямала моладзі, асабліва сярод механізатараў. Разам са сталымі заслужанымі працаўнікамі яны выходзяць на сцэну, дзе лепшым з лепшых, тым, хто ў раённых спаборніцтвах выйшаў на першае месца, В. А. Падляшчук уручае Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і прэміі.
Гэта вельмі ўрачысты і кранальны момант, многія будуць доўга захоўваць яго ў сваёй памяці. І тое, як кіраўнік раёна паціскае руку, як жадае здароўя і новых вяршынь, як спяваюць у іх гонар артысты.
А песень на Дажынках гучыць багата — звонкіх, вясёлых, задушэўных, з беларускім нацыянальным каларытам. Гэта падарунак хлебаробам ад работнікаў культуры.
Ад кіраўніцтва ж раёна эстафету ўзнагароджвання прымае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу В. В. Родзіч. Віктар Віктаравіч уручае граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і кветкі намінантам другіх і трэціх месцаў раённага спаборніцтва, віншуе лепшага кіраўніка сельгаспрадпрыемства — а ім сёлета названы У. І. Дзятлаў — дырэктар ААТ “Прыдзвінскі”, узнагароджвае лепшых спецыялістаў гаспадарак. Ён дзячыць усім і выказвае ўпэўненасць, што наступны год стане яшчэ больш плённым для работнікаў аграпрамысловага комплексу. У знак павагі і ўдзячнасці начальнік райсельгасхарчу ўручае сувеніры ветэранам сельскагаспадарчай галіны раёна, якіх запрасілі на свята.
Свята поўніцца цёплымі шчодрымі словамі, падарункамі, добрымі пажаданнямі. На раённыя Дажынкі ў Шуміліна прыехалі госці з вобласці, куратары нашага раёна: старшыня аблспажыўсаюза А. М. Шынкарэнка і генеральны дырэктар “Віцебскмеліяводгас” Э. М. Герасіменка.
Ад імя абласнога выканаўчага камітэта А. М. Шынкарэнка перадае працаўнікам сельскагаспадарчай галіны нашага раёна словы вялікай удзячнасці за добрую працу і жадае новых поспехаў. Аляксандр Мікалаевіч уручае Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў механізатару ААТ “Лаўжанскае” Уладзіміру Мазанкову.
Узнагароды лепшым маладым механізатарам уручае першы сакратар райкама БРСМ Юлія Яфрэмава
І зноў гучаць песні. Яны славяць жыццё, дораць святочны настрой, зноў і зноў пераконваюць, што “будзе хлеб — будзе і песня!”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.