Погода позволила в этом году начать рано сев даже в «Мишневичах»

Актуалии Новости Экономика

А ўслед ідуць сеялкі

А вы ведаеце, чым пахне толькі што ўзараная глеба? Свежасцю, вільгаццю, рачной вадой, прахалодай, сонцам і вятрамі. Перавернутая плугамі зямля пасля начных замаразкаў яшчэ халаднаватая, але ж не кладзецца пластамі, як у мінулыя гады, а рассыпаецца – вось так распарадзілася сёлета матухна-прырода. І гэтаму механізатары КУСГП “Мішневічы” вельмі рады.
Да сярэдзіны сакавіка ў гаспадарцы тэхніка была поўнасцю адрамантавана. Кіраўніцтва знайшло выхад з сітуацыі: лішкі кармоў, нарыхтаваных летась, прадалі ў суседні раён. На выручаныя грошы купілі неабходныя вузлы і агрэгаты для трактароў. Вось таму МТЗ і змаглі так рана выехаць на палеткі.
Канстанцін Андрэеў.

Механізатар Канстанцін Андрэеў запрашае ў свой МТЗ-3022, каб “адчуць ворыва” і паглядзець, як сёлета працуе тэхніка. Трактар на полі за вёскай Заложнае ідзе лёгка, не прыпыняючыся нават у нізінках. І ў іх у гэтым годзе з лёгкасцю можна праехаць, што з’яўляецца своеасаблівым падарункам  мішневіцкім механізатарам, якія кожную вясну скардзіліся на гразкія палеткі. А сёлета суха не тое што на Казьяншчыне, але ў і Заобалі, Казлах, Заполлі. І тут ужо падрыхтавалі глебу да сяўбы.

– Працую ў гаспадарцы амаль трыццаць гадоў, такая ранняя вясна была толькі аднойчы, у канцы 80-х, – кажа Канстанцін Андрэеў. – Тады мы рана пачалі ворыва і рана адсеяліся. Думаю, сёлета будзе гэтак жа, бо першы раз з плугамі мы з маім калегам Аляксандрам Новікам выехалі 28 сакавіка. За дзень уздымалі па 13-15 гектараў. Трэба ўсяго араць тысячу гектараў, гэта з улікам таго, што добра пастараліся восенню: узнялі 800 га зябліва…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2019 г.