Осенние ярмарки: есть всё, но чего-то не хватает

Актуалии Общество

Очередь за капустой из Новиковской школы

А пеўніка так і не купілі
У абавязковым парадку кожны год наведваю восеньскі кірмаш. Здаецца, і сёлета было ўсё так, як і мінулыя гады: практычна з ўсіх калгасаў прадавалі зерне, рапс, бульбу, буракі. За больш танным ячменем (па шэсць тысяч рублёў за кілаграм), які прадавалі з “Сіроцінскага”, выстраілася чарга. Шумілінскае райспажыўтаварыства  прапаноўвала не толькі прадукты, але і розныя прамысловыя тавары. Тут жа прадавалі сваю прадукцыю  “Вітконпрадукт”, Гарадоцкая птушкафабрыка…
Але усё ж сёлета не было такога размаху, як у мінулыя гады. Хоць і прадавалі танную бульбу (мяшок каштаваў пяцьдзясят тысяч рублёў), але прадаўцоў-прыватнікаў было мала. Нават мёд, калі не браць у разлік райспажыўтаварыства, прадаваў толькі адзін пчаляр. Знаёмыя з Шуміліна прыйшлі на кірмаш, каб купіць пеўніка. Так і пайшлі дадому ні з чым. Многія пастаянныя прадаўцы гародніны і садавіны патлумачылі, што сёлета дачакаліся кірмашу, прадалі бульбу, моркву, яблыкі намнога раней. А вось гаспадары з Кардона прымеркавалі свой прыезд менавіта да кірмашу – прывезлі  парасят. Іх прапаноўвалі купіць (па 400-500 рублёў) і з сялянска-фермерскай гаспадаркі Полацкага раёна.
Спадабалася выстава-продаж школ раёна — яркая і з густам аформленая. Навікоўскія настаўнікі прывезлі прадаваць больш за тону капусты, якую вырасцілі на прышкольным участку. Во, малайцы!
Былі на кірмашы і колатыя дровы. Праўда, з камунгасу прывезлі ўсяго адзін прычэп. А дзявятай гадзіне раніцы, калі мы пацікавіліся пра цану (чатыры кубаметры каштавалі 512 тысяч рублёў), дровы ўжо былі прададзены.
З віцебскіх прадпрыемстваў на кірмаш завіталі “Марка” і “Васіліна”. Прадаваў прадукцыю і Віцебскі хладакамбінат – менавіта тут і былі самыя вялікія чэргі. Да прадстаўнікоў плодагадавальніка з Самахвалавічаў падыходзілі не толькі за пакупкай саджанцаў, але і за кансультацыяй.
Казытаў нос смачны пах шашлыкоў і поліўкі, а апетытныя булкі і пірожныя клікалі ў цяпло бліжэй да чайніка (на двары ўсё ж халаднавата).
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *