Доска почёта Шумилинского района: Андрей Соловьёв

Актуалии Общество Экономика

Па слядах бацькі
Андрэй Салаўёў працуе  трактарыстам па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу ў ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” сёмы год, практычна адразу заваяваў прызнанне калег сваёй працавітасцю і сур’ёзным стаўленнем да тэхнікі і абавязкаў.
Сваю сувязь з лесам тлумачыць бацькавымі генамі – той працуе ў Казьянскім лясніцтве таксама механізатарам. Будучы падлеткам, хлопец часта бываў у бацькі на рабочым месцы і бачыў спецыфіку дзейнасці.
Па заканчэнні школы Андрэй адвучыўся ў ліцэі ў  пасёлку Акцябрскім, атрымаў правы трактарыста і адправіўся выконваць воінскі абавязак. Пасля службы ў арміі была ў хлопца думка пайсці ў ахову, аднак па стане здароўя не падышоў. Адпрацаваўшы год у райспажыўтаварыстве, А. Салаўёў па рэкамендацыі аўтарытэтнага ў лясной гаспадарцы ляснічага Казьянскага лясніцтва Уладзіміра Міхайлавіча Мазейкі трапіў у лясгас. За што не раз сказаў дзякуй.
Спачатку хлопцу даверылі “Фарвардар”, на якім Андрэй адпрацаваў пяць год, два гады таму атрымаў новую тэхніку, на якой практычна без прастояў зараз і шчыруе. На сённяшні дзень механізатар вывозіць лес на тэрыторыі Мікіціхінскага лясніцтва.
Тое, што калектыў лясгаса вылучыў за добрую і выніковую работу на раённую Дошку гонару, А. С. Салаўёў даведаўся ў Гомелі. Яго туды камандзіравала кіраўніцтва на дапамогу мясцовым лесаводам па ліквідацыі бураломаў і павалаў. Для яго гэта было крыху нечакана і ў той жа час вельмі прыемна: столькі вопытных і адданых работнікаў у лясгасе, а заўважылі яго, маладога. Навіна вельмі ўзрушыла, адразу ж падумаў пра сям’ю, пра жонку і дзвюх маленькіх дачок. І пра любімую бабулю, якая вельмі ганарыцца тым, што фотаздымак і прозвішча любімага ўнука ўпрыгожвае раённую Дошку гонару.
Мінулы год наогул выдаўся раз’язным. Пасля Гомеля былі яшчэ Орша і Мінская вобласць, дзе Андрэй Салаўёў таксама дэманстраваў працавітасць і спрыт.
Зараз для механізатара настала самая нелюбімая пара года – бездарожжа, калі паўстаюць праблемы з ляснымі дарогамі і вельмі нязручна вывозіць лес. Гэтая акалічнасць у першую чаргу замінае працаваць на поўную магутнасць, так, каб выканаць і перавыканаць даведзеныя планы і аб’ёмы і атрымаць годны заробак. І задавальненне ад таго, што робіш шчыра і з усёй аддачай.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 05.04.2019 г.