Адзін мой знаёмы неяк гадоў 25 назад вырашыў прысутнічаць пры нараджэнні сына, чым у той час нямала здзівіў родных і сяброў. Хоць і сёння такія смельчакі вялікая рэдкасць. Напрыклад, я асабіста ведаю толькі адну пару, якая рашылася на партнёрскія роды.
Спрадвеку працэс нараджэння дзіцяці лічыўся выключна жаночай справай. Але трэба сказаць, што са старажытных часоў нічога істотна не змянілася. Мужчыны па-ранейшаму не асмельваюцца совацца на жаночую тэрыторыю, а прывычна тоўпяцца пад вокнамі раддамоў з радаснымі: “Дзякуй за сына (дачку)!”. Некаторыя гэтыя словы выводзяць мелам на асфальце і запускаюць у паветра адпаведнага колеру шарыкі. Усё гэта, вядома, слаба палягчае стан жанчыны, якая толькі што перанесла роды. Але ўзяць на сябе нейкую іншую адказнасць у даволі загадкавым працэсе моцнаму полу не пад сілу.
Я тут папытала… Аказалася, мужчыны лічаць за лепшае “здаць” кабету ў радзільны дом яшчэ да пачатку схватак. А лепш за месяц да дня “Х”. Большасць нават гіпатэтычна не дапускае магчымасць прысутнічаць на родах. Проста цераз плячо тры разы плююць.
Ды і жанчыны, шчыра кажучы, зусім не супраць пакінуць мужа за дзвярамі бальніцы. Раптам кахаць перастане. Ці, да прыкладу, заікацца пачне. Няхай ужо лепш, як усе, – з сябрамі нап’ецца…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2019 г.