Квадрокоптер поможет работникам Шумилинского лесхоза следить за состоянием лесов в регионе

Актуалии Новости Экология

Інжынер па АСУП Іван Ліпскі і галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Дзмітрый Падляшчук выпрабоўваюць новы апарат.

У дапамогу лесаводам – квадракоптар
Дрон будзе сачыць за ляснымі пажарамі і браканьерамі.

Пажаранебяспечны сезон работнікі лясгаса сустракаюць з новай тэхнікай – квадракоптарам кампаніі «DJI» з серыі «Phantom 4», які будзе сачыць за станам лясоў Шуміліншчыны.
Шумілінскі лясгас набыў беспілотны лятаючы апарат-квадракоптар для маніторынгу лясоў. Дрон дазволіць аператыўна ацэньваць абстаноўку з паветра і кіраваць людзьмі і тэхнікай пры выяўленні і тушэнні лясных пажараў. Апарат будзе асабліва запатрабаваны пры моцных задымленнях і змяненні фронту пажару.
Па словах галоўнага ляснічага лясгаса Дзмітрыя Падлешчука, летась на тэрыторыі гаспадаркі была складаная пажаранебсяпечная абстаноўка. Менавіта гэта падштурхнула лесаводаў Шуміліншчыны да набыцця высокатэхналагічнага ўстройства. У практыцы лясной гаспадаркі развітых краін дроны выкарыстоўваюцца вельмі актыўна. Іх прымяняюць для класіфікацыі і інвентарызацыі лесу, ацэнкі дрэў, яны дапамагаюць лесаводам выяўляць рэальныя і патэнцыйныя праблемы лесу, напрыклад, захворванні дрэў, дапамагаюць і пры лесааднаўленні. Дзякуючы ім можна распрацоўваць інтэрактыўныя карты, якія наглядна дэманструюць бягучы стан лясоў.
Шумілінскія лесаводы плануюць выкарыстоўваць яго і ў паляўнічай гаспадарцы. Апарат дазволіць весці ўлік паляўнічых відаў, выяўляць факты браканьерства.
Наогул, у лясной гаспадарцы раёна поўным ходам ідзе падрыхтоўка да пажаранебяспечнага сезона. У баявую гатоўнасць прыведзена кожнае лясніцтва, зараз кіраўніцтва лясгаса праводзіць агляды, падчас якіх правярае дакументацыю, пасведчанні, абмундзіраванне і тэхніку. Як запэўніў Д. Л. Падляшчук, усе структурныя падраздзяленні гатовы да надзвычайных сітуацый.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2019 г.