На мінулым тыдні прайшоў першы ў гэтым годзе выязны семінар ідэолагаў. Сустрэча ладзілася на базе ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” і прынесла ўдзельнікам, акрамя важнай і актуальнай інфармацыі, шмат станоўчых эмоцый.
Лясгас даўно зарэкамендаваў сябе ў раёне як надзейнае і сур’ёзнае прадпрыемства, дзе на высокім ўзроўні наладжана вытворчасць, ёсць пэўныя вынікі і дасягненні, пастаўлена як след ідэалагічная работа, дзе могуць праводзіць дастойныя і маштабныя мерапрыемствы накшталт мінулагодняй галіновай спартакіяды і 20-годдзя з дня ўтварэння лясгаса, арганізоўваць месца для раённай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, зазначыла, адкрываючы семінар, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. І тут, сапраўды, многаму можна павучыцца і многае пераняць. Выступленні дырэктара лясгаса Аляксандра Лабынцава і яго намесніка па ідэалагічнай рабоце Людмілы Доктаравай толькі пацвердзілі гэта. А яшчэ гаспадары мерапрыемства прапанавалі гасцям фільм пра дзейнасць і людзей прадпрыемства, які быў створаны да юбілею.
На парадак дня семінара быў вынесены таксама шэраг актуальных пытанняў. У прыватнасці, як праходзіць падпісная кампанія на другі квартал, паведаміла начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава, пра работу з кадрамі, з маладымі спецыялістамі, расказала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Галіна Каралёва. Дарэчы, па выніках агляду-конкурсу на лепшую работу з моладдзю пераможцамі сталі ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” (ідэолаг Л. Доктарава) і ДП “Шумілінская ПМК-70” (С. Мацвеева), яны і былі ўзнагароджаны падчас семінара.
Настроіць калектывы на плённую работу па добраўпарадкаванні тэрыторый арганізацый і ўстаноў нацэліла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова. З каляндарным планам мерапрыемстваў на бліжэйшы час і пытаннямі ідэалагічнага забеспячэння пасяўной кампаніі пазнаёміла прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.
Пасля тэарэтычнай часткі ўсіх чакала экскурсія па лясгасе, якую правёў асабіста дырэктар А. Лабынцаў. Аляксандр Сяргеевіч правёў па тэрыторыі прадпрыемства і азнаёміў з новымі вытворчымі аб’ектамі, а потым запрасіў у дэндрапарк, дзе ў новым пабудаваным доміку для адпачынку ўсім была прапанавана кава-паўза і адначасова падведзены вынікі работы семінара.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2019 г.