Выслоўе пра тое, што воўк – санітар лесу, сапраўднае да таго часу, пакуль папуляцыя драпежнікаў не перавышае норму. Калі ж ваўкоў становіцца зашмат, то яны становяцца сапраўднай праблемай і для прыроды, і для лю-дзей, асабліва для жыхароў маленькіх вёсачак, дзе ўвечары страшна выйсці на вуліцу.
Як адзначыў дырэктар Шумілінскай раённай арганізацыйнай структуры “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Аляксандр Усаў, у нашым раёне паляўнічыя імкнуцца трымаць ваўкоў пад кантролем. На пачатку зімы на Шуміліншчыне было дзве воўчыя зграі і каля 10 ваўкоў-адзіночак. Раённая газета пісала, як у першыя дні новага года паляўнічыя ліквідавалі воўчую зграю ў раёне Слабады і Сіроціна.
– Каля Язвіна былі заўважаны чатыры ваўкі. Была тэрмінова арганізавана на іх аблава, у якой бралі ўдзел паляўнічыя з Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў, Мінска. Непажаданыя госці былі знішчаны, – расказвае паляўніцтвазнавец раённай арганізацыі “БТПР” Ігар Каштанаў. – За суткі воўк можа прайсці больш за 50 км. У Язвіна драпежнікі прыйшлі з Гарадоцкага раёна. Дарэчы, у суседнім раёне сітуацыя з ваўкамі больш напружаная. Жыхары невялікіх вёсак скардзяцца, што ваўкі падушылі ўсіх сабак. І хаця за зіму паляўнічыя Гарадоччыны знішчылі 17 ваўкоў, папуляцыя застаецца даволі вялікай, як вынік, захоўваецца пагроза мясцоваму насельніцтву.
Асабліва хвалявала шумілінскіх паляўнічых воўчая зграя ў раёне вёсак Гусінцы і Забар’е. Па падліках спецыялістаў, у зграі знаходзілася каля 8 ваўкоў. “На гэту зграю арганізоўвалася каля дзясятка аблаў, але ваўкі кожны раз сыходзілі, – расказвае Аляксандр Усаў. – Зразумела, што знішчыць гэту зграю неабходна было зімой, калі можна адсочваць драпежнікаў па слядах на снезе. Нельга было дапусціць, каб ваўчыца прынесла новы вывадак”.
У лютым паляўнічыя даведаліся, што каля вёскі Мікалаёва ваўкі забілі лася. Паляўнічыя “абклалі” тэрыторыю плошчай каля 8 кв. км. “Гэта было сапраўды цяжкае паляванне, яно доўжылася трое сутак, – дзеліцца ўражаннямі Ігар Каштанаў. – Адны паляўнічыя змянялі другіх, у ходзе аблавы застрэлілі 6 ваўкоў”.
Аляксандр Усаў падсумаваў, што за зіму на Шуміліншчыне было застрэлена 16 ваўкоў. Вынік добры. Тое, што папуляцыя ваўкоў у раёне не перавышае норму, у першую чаргу заслуга шумілінскіх паляўнічых. Але работы наперадзе шмат, бо вясной і летам неабходна шукаць і знаходзіць воўчыя вывадкі, толькі такім чынам можна стрымліваць рост папуляцыі шэрых драпежнікаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2019 г.