Ад аддзела камунальнай гаспадаркі да ўнітарнага прадпрыемства
УП ЖКГ – 75 год. За гэты час прадпрыемства па рознаму называлася, мела многа розных функцый, але нязменным было адно – забяспечыць камфортныя ўмовы для жыцця людзей.
23 чэрвеня 1944 года ў ходзе аперацыі “Баграціён” войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту завяршылі вызваленне Сіроцінскага (Шумілінскага) раёна. І ўжо ў жніўні 1944 года пры Сіроцінскім райвыканкаме быў створаны аддзел камунальнай гаспадаркі, у абавязкі якога ўваходзіла навя-дзенне парадку на тэрыторыі пасёлка. Работнікі аддзела разбіралі разбураныя дамы, лініі электраперадач, аднаўлялі дарогі, капалі калодзежы, разам з работнікамі сельскіх Саветаў дзялілі зямельныя ўчасткі для жыхароў раёна пад індывідуальнае будаўніцтва.
З кожным годам пасёлак разрастаўся. Пачалося будаўніцтва цагляных двухпавярховых дамоў. Іх трэба было ацяпляць, праводзіць водаправод – функцыі і абавязкі аддзела раслі.
З 11 ліпеня 1957 года аддзел камунальнай гаспадаркі павялічыўся і быў перайменаваны ў Сіроцінскую жыллёва-камунальную кантору, якая знайшла прапіску ў прыстасаваным будынку па вуліцы Піянерскай.
23 лістапада 1961 года Сіроцінскі раён быў перайменаваны ў Шумілінскі. 27 снежня 1962 года Шумілінскі раён ліквідавалі, тэрыторыя была раздзелена паміж Віцебскім, Гарадоцкім, Бешанковіцкім і Полацкім раёнамі. Шумілінская жыллёва-камунальная кантора адышла пад ведамства Віцебскай раённай камунальнай гаспадаркі і праіснавала да ліпеня 1966 года.
У жніўні 1966 года пасля аднаўлення Шумілінскага раёна пачаў сваю дзейнасць камбінат камунальных прадпрыемстваў Шумілінскага райвыканкама. З 1973 года па 1983 год ён называўся Шумілінскім камбінатам камунальных прадпрыемстваў, з 1983 па 2000 год – Шумілінскім раённым вытворчым аб’яднаннем жыллёва-камунальнай гаспадаркі г. п. Шуміліна. У 1987 годзе быў пабудаваны і ўведзены ў строй адміністрацыйны будынак камунгасу. На падставе рашэння Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта № 690 ад 24 лістапада 2000 года выдадзена пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі Унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шумі-лінскага раёна.
Мэтай дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на атрыманне прыбытку. Прадметам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца аказанне жыллёва-камунальных і іншых платных паслуг насельніцтву, прадпрыемствам, установам, іншым суб’ектам гаспадарання.
Сёння ва УП ЖКГ працуе каля 500 чалавек. Шматгранную дзейнасць прадпрыемства забяспечваюць работнікі розных прафесій: супрацоўнікі водаканала і сістэм цеплазабеспячэння, будаўнікі, дарожнікі, азеляняльнікі, механізатары, прыбіральшчыкі тэрыторый, работнікі аварыйных службаў і многія іншыя. Усе разам гэтыя людзі выконваюць вельмі важную, сацыяльна значную справу – забяспечваюць камфортнае пражыванне людзей, ствараюць неабходныя ўмовы для прадукцыйнай працы і здаровага адпачынку.
У бліжэйшыя гады ва УП ЖКГ плануюць пашырыць асартымент аказваемых паслуг, павялічыць тэмпы росту аб’ёмаў і рэалізацыі работ і паслуг, павялічыць тэмпы росту прадукцыйнасці працы.
Кіраўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шумілінскага раёна
Гельштэйн Маісей Абрамавіч (28 мая 1945 г. – 30 чэрвеня 1946 г.)
Авечнікаў І. Н. (1948-1950 гг.)
Жукаў Пётр Казіміравіч (верасень 1950 г. – люты 1951 г.)
Батакоў Т. Н. (люты 1951 г. – сакавік 1952 г.)
Мясаедаў Д. (сакавік 1952 г. – снежань 1952 г.)
Нікуленка Міхаіл Іванавіч (15 снежня 1952 г. – 8 жніўня 1955 г.)
Жукаў (красавік 1955 г. – лістапад 1955 г.)
Ляўша (лістапад 1955 г. – верасень 1956 г.)
Раманаў (верасень 1956 г. – ліпень 1957 г.)
Крывенка П. І. (ліпень 1957 г. – жнівень 1957 г.)
Міхайлаў Іван Пятровіч (жнівень 1957 г. – ліпень 1963 г.)
Палякоў Іван Ігнатавіч (ліпень 1963 г. – 1965 г.)
Бераснеў Леанід Мікалаевіч (красавік 1965 г. – снежань 1966 г.)
Міхайлаў Іван Пятровіч (снежань 1966 г. – май 1971 г.)
Зазыба Іван Леанідавіч (май 1971 г. – снежань 1971 г.)
Масько В. Т. (снежань 1971 г. – ліпень 1972 г.)
Гукаў С. М. (жнівень 1972 г. – жнівень 1974 г.)
Сафонаў Вадзім Максімавіч (12 жніўня 1974 г. – 27 лістапада 1992 г.)
Цімашэнка Валянцін Ільіч (17 лютага 1992 г. – 30 снежня 2002 г.)
Штуро Іван Казіміравіч (10 лютага 2003 г. – 9 лютага 2009 г.)
Коўзан Валерый Антонавіч (10 лютага 2009 г. – 7 сакавіка 2012 г.)
Штуро Іван Казіміравіч (19 чэрвеня 2012 г. – 18 чэрвеня 2017 г.)
Догель Аляксей Мікалаевіч (19 чэрвеня 2017 г. – 19 ліпеня 2017 г.)
З 28 жніўня 2018 дырэктарам УП ЖКГ працуе Шпакаў Аляксей Арцёмавіч.
Падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 19.02.2019 г.