Асноўнаму Закону краіны – 25
Сёлета спаўняецца 25 год асноўнаму закону краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, што дзейнічала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае і замацоўвае грамадскі і дзяржаўны лад, прававое становішча асобы, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзяржаўнай улады, прынцыпы яе ўзаемадзеяння з грамадствам і грамадзянамі. У ёй сфармуляваны прынцыпы падзелу ўлад, палітычнага плюралізму, а таксама прапісаны асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы.
Канстытуцыя ўвабрала ў сябе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны. Яна засноўваецца на неад’емным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай грамадскасці.
Канстытуцыя стала не толькі адлюстраваннем палітычных і сацыяльна-эканамічных перамен, але і дакументам, які на дзесяцігоддзі ўперад вызначыў вектар развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці і здзяйснення дэмакратычных інстытутаў.
Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. А захоўваць Асноўны Закон краіны і ўмацоўваць дзяржаўнасць з’яўляецца патрыятычным абавязкам кожнага з нас.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26.03.1998 г. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены як дзяржаўнае свята.
Канстытуцыя Беларусі: старонкі гісторыі
3 лютага 1919 года – I з’ездам Саветаў Беларускай ССР прынята Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі.
11 красавіка 1927 года – VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў зацверджаны Асноўны Закон (Канстытуцыя) Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
19 лютага 1937 года – XII Надзвычайным Усебеларускім з’ездам прынята новая Канстытуцыя Беларускай ССР.
13 красавіка 1978 года – на пазачарговай дзявятай сесіі Вярхоўнага Савета БССР заслуханы даклад П. М. Машэрава “Аб выніках усенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” і зацверджана новая Канстытуцыя БССР.
25 жніўня 1991 года – прыняты Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі № 1017-XII “Аб прыданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”.
15 сакавіка 1994 года – прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.
24 лістапада 1996 года – на рэспубліканскім рэферэндуме прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі.
27 лістапада 1996 года – у газеце “Звязда” № 276 апублікавана Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, якая ўступіла ў сілу з дня яе апублікавання.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2019 г.