Адкрыты кубак Шумілілінскага раёна па валейболе сярод кіруючых работнікаў на прызы раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, які прайшоў у пачатку сакавіка, выйшаў на міжнародны ўзровень – у спаборніцтвах брала ўдзел каманда Велікалуцкага раёна. Сяброўскія сувязі паміж Шумілінскім і Велікалуцкім (Расія) раёнамі дапоўніліся і спартыўнымі стасункамі.
З вітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся старшыня Шумілінскага райвыканкама Алег Быкаў. Начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і маладзёжнай палітыцы адміністрацыі Велікалуцкага раёна Генадзь Якаўлеў падзякаваў арганізатарам турніру за запрашэнне і адзначыў, што спартыўныя сувязі павінны стаць добрай традыцыяй. Ён выказаў надзею, што цесныя стасункі ўсталююцца і паміж спартыўнымі школамі двух раёнаў.
За кубак змагаліся чатыры каманды – валейбалісты з Шумілінскага, Бешанковіцкага, Лёзненскага і Велікалуцкага раёнаў. Каманды добра падрыхтаваліся да спаборніцтваў і паказвалі цікавую гульню. Ухвальных слоў заслужыла шумі-лінская зборная, капітанам якой быў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін. Каманда ўпэўнена вяла ўсе сустрэчы і, атрымаўшы тры перамогі, выйграла кубак. Валейбалісты з Лёзненскага раёна сталі другімі, таксама прадэманстраваўшы добрую гульню. Праўда, у рашаючай сустрэчы супраць шумілінцаў ім не хапіла падрыхтоўкі і ўдачы. На п’едэстал паднялася і каманда з Расіі. Велікалуцкія валейбалісты прыбаўлялі ў кожнай гульні. І перамогу, якая дазволіла стаць трэцімі, вырвалі ва ўпартай барацьбе з бешанковіцкімі спартсменамі.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2019 г.