Чаго хоча жанчына, таго хоча Бог – кажуць вядомыя ў свеце паклоннікі жаночага полу – французы. Напярэдадні 8 Сакавіка мы вырашылі даведацца ў нашых жанчын, чаго ж яны хочуць ад жыцця, ад мужчын, ад свята. А заадно задалі гэтае ж пытанне мужчынам, каб паглядзець, наколькі яны разумеюць жаночую псіхалогію, жаночыя сакрэты і патаемныя жаданні .
Жаночы погляд
Святлана Карпушэнка: Канешне ж, жанчына хоча жаночага шчасця! Зразумела, што для кожнай жанчыны гэта нешта сваё. Мара даць новае жыццё ў мяне ажыццявілася. Адчуванне малюсенькай асобы ў цябе на грудзях – гэта такое шчасце, якое цяжка апісаць словамі. Шчасце – гэта калі родныя і вельмі блізкія табе людзі здаровыя. Усё астатняе можна адрамантаваць, выкінуць, купіць і наогул забыць. І наогул, кожная жанчына – каваль свайго шчасця.
Анастасія Барышава: Увагі! Нам вельмі важна, каб вы, мужчыны, удзялялі нам сваю ўвагу. Не, я не пра дарагія падарункі, паходы ў рэстаран, я пра званкі, просьбы апрануцца пацяплей у халоднае надвор’е, паднесці сумку, сказаць камплімент, сарваць і падарыць рамонак з поля. Для вас, можа, гэта дробязі, але, паверце, ніводную даму яны не пакінуць раўнадушнай.
Наталля Пятрова: Я пераканана, што любая жанчына хоча букет кветак і сертыфікат у касметычны салон.
Наталля Голуб: Жанчына хоча свабоды, падарожжаў і каб як мага пазней ў яе сталі выдатна атрымлівацца бліны. А то ў нас так атрымліваецца: чым старэй жанчына, тым лепш яна пячэ бліны…
Валянціна Штуро: Вельмі цяжка сказаць, чаго хоча жанчына. Яна часта не ведае, чаго хоча. Напэўна, кветак, падарункаў, віншаванняў на 8 Сакавіка. Павагі, каб яе абажалі і абагаўлялі не толькі ў свята, а і кожны дзень. І самае галоўнае, каб ўсе яе родныя і блізкія людзі былі здаровыя, каб у сям’і быў лад, спакой і ўзаемаразуменне. Толькі тады яна будзе шчаслівай.
Мужчынскі погляд
Пётр ГАНУШЧАНКА: Лічу, што кожная жанчына хоча здароўя. Калі жанчына здаровая, то ў яе ўсё выдатна як дома, так і на рабоце, яна, як гаворыцца, гатова горы звярнуць. Ды і ў нас, мужчын, усё атрымліваецца, калі каханая жанчына здаровая і ў цудоўным настроі.
Валерый ЖАНДАРАЎ: Гледзячы якая жанчына. Вось у нашай сям’і ўсё па-вайсковаму, недарэмна ж жонка – прапаршчык у адстаўцы, дачка – афіцэр, падпалкоўнік, унучка – васьмікласніца, якая марыць стаць ваеннай. Вось і атрымліваецца, што жанчыны нашай сям’і хочуць павагі да арміі і ваенных, кар’ернага росту і, як любая жанчына ў свеце, пяшчоты і сямейнага дабрабыту.
Вадзім КЛЯМЕНЦЬЕЎ: Любая жанчына хоча стаць маці. Мацярынства – самая вялікая каштоўнасць у свеце. Для жанчыны-маці галоўнае – здароўе дзіцяці, дзеля якога яна можа ахвяраваць усім.
Віктар БАБІЧАЎ: Кахання. І толькі кахання. Гэта самае моцнае пачуццё на свеце, якому было прысвечана безліч шэдэўраў і з-за якога распачыналіся войны. Любая жанчына жадае быць каханай, і каханне кліча мужчын на подзвігі. Менавіта ад кахання ўсё пачынаецца: і парадак, і шчасце, і сямейны дабрабыт.
Мікалай ЖУКАЎ: Не ведаю, чаго хоча жанчына. Хаця вакол мяне адны жанчыны – жонка, дзве дачкі і тры ўнучкі. Жанчына – гэта загадка, якую мужчына на працягу ўсяго жыцця разгадаць не можа. Чаго хоча жанчына – гэта залежыць ад сітуацыі, настрою і многіх іншых умоў. Нам, мужчынам, важна проста адчуваць сваіх любых і дарагіх.
Дарагія жанчыны! Калі ласка, часцей гаварыце мужчынам пра свае жаданні, гаварыце прама, не рытарычнымі пытаннямі і намёкамі. Не спадзявайцеся, што мужчыны прачытаюць вашы думкі і падораць вам такія неабходныя клопат і разуменне.
Мужчыны, памятайце, што ваша меркаванне пра жаданні любімай могуць быць памылковымі, жанчыне трэба падчас зусім не тое, што ў падобнай сітуацыі можа спатрэбіцца мужчыну. І прымайце жанчыну такой, якая яна ёсць.
Апытанне праводзілі Алена КАРПУШЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2-19 г.