Молодёжь Шумилинщины

Актуалии Молодёжь

“У медыцыну ішла мэтанакіравана…”
Фельчар у вёсцы – чалавек значымы. З павагай прынялі мясцовыя жыхары маладога спецыяліста Язвінскага ФАПа Юлію Валадзько. Для яе гэта важна, таму і стараецца фельчар-акушэр апраўдаць давер пацыентаў. Крыху больш года, як Юлія стала працаваць на ФАПе. На яе абслугоўванні, акрамя Язвіна, яшчэ тры вёскі. Пад пастаянным наглядам – вучні і дашкаляты мясцовых школы і дзіцячага садзіка. На асаблівым кантролі пацыенты з хранічнымі захворваннямі і немаўляткі.
–  У медыцыну я ішла мэтанакіравана. Лічу за лепшае дапамагаць чалавеку вяртаць здароўе, – дзеліцца малады фельчар. – Шкада, калі хвароба доўга не адступае. Вось і зараз перажываю за чатырохмесячную Машачку, так моцна яе адолеў бранхіт, што прыйшлося накіраваць на лячэнне ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы.
Вучылася Юля добра і практыку ў Віцебскіх бальніцах праходзіла, але не лічыць за лішняе параіцца і наконт Машы, і іншых дзетак з раённым педыятрам Л. В. Суханавай, наконт праблем хранічнага хворага з намеснікам галоўнага ўрача і куратарам вясковых фельчараў І. Л. Гудковым.
– Я ўдзячная ўрачам раённай бальніцы: выслухаюць, падкажуць, як дзейнічаць, на што асаблівую ўвагу звярнуць. Клапоціцца пра нас, маладых фельчараў, і старшая медыцынская сястра паліклінікі Л. Я. Цянько, і сам галоўны ўрач К. Ф. Баканаў.
Размаўлялі з дзяўчынай пра жыццё, жыллё, зарплату. Шчыра верыць яна ва ўсё лепшае, з аптымізмам глядзіць у будучыню. Падабаецца Юліі дапамагаць людзям. Работа, вядома, вельмі адказная, але ж такая неабходная і цікавая.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
“Спорт яднае калектыў”
У апошнія гады два ў спартыўным жыцці раёна ва ўвесь голас заявілі пра сябе спартсмены з раёна электрычных сетак. Яны адразу трапілі ў прызавыя тройкі ў розных чэмпіянатах раёна, а на турзлёце два гады запар становяцца другімі…
У РЭС працуе нямала моладзі, але не было спецыяліста, каб арганізаваць спартыўнае жыццё ў арганізацыі. Зараз з гэтым добра спраўляецца адказны за спорт і фізкультурна-аздараўленчую работу электраманцёр Ілья Навіцкі.
Спорт для Ільі быў захапленнем з дзяцінства. “У двары абавязкова з сябрамі ганялі мяч, — успамінае хлопец, гулялі то ў футбол, то ў валейбол…” І гэта звычка стала стылем жыцця. А калі ўладкаваўся на працу, то і аднадумцаў сярод моладзі знайсці было не складана. Так паціху работнікі РЭС пачалі прыходзіць у спартыўную залу СШ №1. Актыўны адпачынак для іх стаў нормай.
Неўзабаве і лідары ў розных відах спорту з’явіліся: у лёгкай атлетыцы – Андрэй Красіцкі, у баскетболе – Вячаслаў Шараў, у валейболе – Канстанцін Мончык, Аляксандр Асташонак і Аляксандр Лемешаў (дарэчы, валейбольная каманда прадпрыемства стала пераможцай на чэмпіянаце Віцебскіх электрасетак). Поспехі шумілінскіх спартсменаў заўважаюць і ў вобласці: у склад абласной каманды, якая выступала на спаборніцтвах добраахвотных пажарных дружын, запрасілі Ігара Сачнёва.
Спорт, актыўны адпачынак у пашане ў моладзі, і не толькі. У спартыўнай зале можна ўбачыць і галоўнага інжынера Уладзіміра Волкава, і работнікаў старэйшага ўзросту.  “Спорт яднае калектыў, — перакананы Ілья Навіцкі, — значна лягчэй працаваць з чалавекам, калі ты з ім гуляеш у адной камандзе”.
Планаў у адказнага за спорт і фізкультурна-аздараўленчую работу Ільі Навіцкага шмат. Плануюць выступаць не толькі на раённых, а і на абласных галіновых стартах, нацэлены на перамогу на раённым турзлёце, і, зразумела, на павелічэнне сярод калег аматараў актыўнага адпачынку. Усё гэта працуе на імідж прад-прыемства і на імідж сучаснага чалавека.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *