Сямейнае хобі Шкулавых

Мир увлечений Новости

Міхаіл Шкулаў.

Сямейнае хобі Шкулавых

Рыбалоўства для многіх стала ладам жыцця. Гэта карыснае правядзенне вольнага часу, адпачынак і занятак для душы, выдатная магчымасць атрымаць зарад бадзёрасці і падтрымаць сябе ў добрай фізічнай форме.
Марозная зіма – раздолле для аматараў рыбнай лоўлі. Зімой гаспадарчых спраў значна менш, таму вольны час многія праводзяць на рыбалцы. Сярод такіх апантаных – Міхаіл і Юрый Шкулавы. І рыбалка для іх – сямейнае хобі.
– Яшчэ калі хадзіў у дзіцячы сад, падабалася глядзець, як дарослыя лавілі рыбу. З тых часоў і захапіўся, – расказвае сваю гісторыю Юрый. – У другім класе, калі бацька купіў бамбукавую вуду, радасці не было мяжы, з тых часоў рыбалка заняла частку майго жыцця! Любімае месца – возера Будавесць, дзе я злавіў свой самы вялікі трафей: шчупака на 4,5 кг. Яшчэ ў маім “ганаровым арсенале” карп  вагой у 4 кг. Помню, выцягвалі ўтрох.
Бацька Юрыя, Міхаіл Іванавіч, рыбалкай захапіўся ў школьныя гады. Пачынаў у вёсцы Баёўка, менавіта там лавіў карасікаў на сажалцы.
– Памятаю, як на арэхавую вуду злавіў свайго першага шчупака, невялікага, грамаў на 300, гадоў 7 мне было. Радасці не было канца – расказвае рыбак. – Люблю возеры Мошна і Круглік. Цяпер на пенсіі, і часу паездзіць па азёрах стала больш. Лаўлю рыбу на розныя кашы. Самы вялікі трафей – шчупак  6,2 кг – злоўлены гэтай зімой на жэрліцу на возеры Кашо, і летні лешч на 2,9 кг, злоўлены на возеры Янава.
Юрый Шкулаў.

Рыбачаць Шкулавы разам, але ў кожнага свае прынады. Гэтай зімой ім шанцуе на добрыя ўловы. Аднойчы неяк паднялі 10 шчупакоў: 6 – сын і 4 – бацька. Юрый пастаянна аблоўлівае свайго вопытнага бацьку. Есць нават адно возера, на якім клюе толькі ў яго.

У іх няма рыбалоўных тытулаў, а ёсць любоў да вады, да рыбалкі, да ўсяго, што з ёй звязана. Ёсць у кожнага з іх, як у рыбакоў, свае сакрэты.
– Зімовая рыбалка, асабліва па першым і апошнім лёдзе, прывабней, чым летняя. Цікавая, разнастайная і заўсёды непрадказальная – гэта і прыцягвае, – прызнаецца Міхаіл Іванавіч.
Шкулавы могуць весці размовы аб рыбалцы бесперапынна. Яна дастаўляе ім сапраўднае задавальненне і свайго роду карысць, дае зарад натхнення. Рыбалка для іх заключаецца ў яднанні з прыродай, а не ў колькасці злоўленай рыбы. У спаборніцтвах яны ўдзел не прымаюць, бо не любяць, калі на рыбалцы шмат народу. Аддаюць перавагу рыбнай лоўлі ўдвух ці па-асобку, каб рыбу не палохаць.
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №17 ад 26.02.2019 г.