В Шумилино прошли торжества в честь Дня воинов-интернационалистов

Актуалии Новости

Помнім. Смуткуем
15 лютага мерапрыемствы з нагоды Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшлі ў Шуміліне. Памяці загінуўшых на афганскай зямлі землякоў-шумілінцаў былі прысвечаны мітынгі, якія адбыліся ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у гарадскім парку і ля мемарыяльнай дошкі Віктару Угнявёнку. У адміністрацыйным будынку гісторыка-краязнаўчага музея адбылося ўручэнне медалёў “30 год вываду савецкіх войск з Афганістана” воінам-афганцам. Удзельнікі  мерапрыемстваў пазнаёміліся з выставай, прысвечанай юбілейнай даце.
15 лютага – дата адначасова радасная і сумная для ўдзельнікаў тых падзей, іх родных і блізкіх. Радасная для тых, хто жывым вярнуўся з далёкай краіны, але яны заўсёды памятаюць сваіх сяброў, якія загінулі ў той вайне. Як памятаюць маці, жонкі, дзеці сваіх сыноў, мужоў і бацькоў, што не вярнуліся дадому. Памятаюць і смуткуюць. “Трыццаць гадоў мінула з таго дня, калі апошні савецкі салдат вярнуўся з азіяцкай краіны на родную зямлю. І мы ўсе памятаем і шануем подзвіг салдат, якія выканалі свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак. Яны сталі прыкладам баявога сяброўства і вернасці воінскай прысязе для сучаснай моладзі”, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, выступаючы на мітынгу ля мемарыяльнага знака воінам-інтэрнацыяналістам.
Мітынг прадоўжыўся ў мікрараёне Шумілінскай СШ №2 ля дома, на якім устаноўлена мемарыяльная дошка лейтэнанту Віктару Угнявёнку. Актывісты БРСМ, вучні СШ №2 падрыхтавалі кампазіцыю, прысвечаную  воінам-інтэрнацыяналістам, усклалі жалобную гірлянду да мемарыяльнай дошкі.
Кіраўніцтва раёна, удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі грамадскасці, арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра ўсклалі да памятных знакаў воінам-інтэрнацыяналістам вянкі і кветкі.
У адміністрацыйным будынку гісторыка-краязнаўчага музея была прадстаўлена выстава “Да подзвігу народаў сэрцам дакраніся”, на стэндах якой многія ўдзельнікі Афганскай вайны знайшлі свае фотаздымкі тых часоў. На выставе былі прадстаўлены кнігі “Памяць. Афганістан”, парадная форма дэсантнікаў і асабістыя рэчы нашых землякоў – воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Выконваючая абавязкі старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка ўручыла Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта кіраўніку раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалаю Шчарбіцкаму і Ганаровую грамату райвыканкама актывісту арганізацыі Ромасу Юхневічусу. Актывісты раённай арганізацыі  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” былі адзначаны і граматамі грамадскіх арганізацый. Начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін уручыў ветэранам вайны юбілейны медаль “30 год вываду савецкіх войск з Афганістана”.
Пасля мерапрыемстваў намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і Андрэй Собін наведалі сем’і загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, уручылі юбілейныя медалі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 19.02.2019 г.