Вот уже три года Марина не пьёт. Она поняла, что дальше – смерть

Здоровье Общество

«Далей не было куды каціцца»

Ужо тры гады Марына не п’е. Узяла і, як кажуць, завязала. Без кадзіровак і экстрасэнсаў. Праўда, гэтаму цудоўнаму дню папярэднічалі доўгія гады алкагольнага туману.
– Аднойчы я зразумела, што далей ужо проста няма куды каціцца, – успамінае жанчына. – Сына забралі, ён аддаліўся, не хацеў мяне бачыць. І з бацькамі ўзаеміны паступова сышлі на “не”. Паваротным момантам стала смерць сужыцеля, з якім я дзяліла чарку на працягу некалькіх год.
Сёння Марына вядзе жыццё прыстойнага чалавека і не любіць успамінаць былое. Раніцай, як усе людзі, ідзе на работу, вечарам бавіць час за праглядам цікавага фільма ці кнігай. Паступова наладзіліся ўзаемаадносіны з роднымі, з’явіліся сапраўдныя сябры, планы на будучае. Даўгі перад дзяржавай за ўтрыманне сына, які ўжо вывучыўся і жыве самастойна ў Віцебску, пакрысе выплачваюцца. І зусім хутка, дасць бог, Марына страціць статус абавязанай асобы.
Гэта, як пачынаць жыццё нанова, як другое нараджэнне. Толькі гады, патопленыя ў віне, табе ўжо ніхто не верне. Але без такой “рэінкарнацыі” наступны прыпынак – смерць.
Такіх, як Марына, ва УП ЖКГ зараз сем чалавек, усе працуюць прыбіральшчыкамі тэрыторыі. Даходзіла і да 10-ці,  расказала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Таццяна Лявонава. І калі некаму можа падацца, што гэта не такая і вялікая лічба, той проста не ўяўляе сабе ўсіх тонкасцяў і складанасцяў рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Там за кожным канкрэтным выпадкам – поўныя слёз дзіцячыя вочы. І людзі, паўплываць на свядомасць якіх даволі складана…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 12.02. 2019 г.