Тое, што Наталля Васкоўская, лаўрэат звання “Жанчына Шуміліншчыны” у сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва, прапануе сустрэцца па-за сценамі Обальскага керамічнага завода, мяне ніколькі не засмуціла. Любой жанчыне хочацца заставацца жанчынай, і з прычоскай, і з макіяжам, і ва ўборы, тым больш калі будуць фатаграфаваць на першую старонку газеты буйным планам. А на заводзе аператару пульта кіравання без формы і без ботаў ніяк: тэхніка бяспекі – на першым плане. Таму мы сядзім на ўтульнай кухні сям’і Васкоўскіх, п’ём чай з цукеркамі і гутарым.
– Здаецца, мы з вамі пазнаёміліся гады тры таму, калі ваша дачка Таццяна стала залатой медалісткай Обальскай школы, і мы рыхтавалі фотаматэрыял у газету. Як Таня? Якія поспехі ў сына?
– Таццяна вучыцца на 4-м курсе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на інжынера. Спецыяльнасць мужчынская. Але дачка ў мяне таксама з цвёрдым характарам. І ёй вельмі падабаецца. Сыну Уладзіміру дванаццаць. Вучыцца ў 6-м класе, таксама добра. Зараз вельмі захапіўся дрэваапрацоўкай. Вунь мне на кухню нарабіў розных патрэбных рэчаў.
– Вы адчуваеце свой аўтарытэт у дзяцей?
– Канешне. І я адчуваю, і муж. Дзеці ў нас паслухмяныя, радуюць, раяцца, дзеляцца. Ведаеце, мне здаецца, яны такімі ў нас нарадзіліся. З дачкой мы з дзяцінства як сяброўкі. Я на яе ніколі не сварылася, а заўсёды гаварыла: “Калі ёсць праблема, ты ні да каго не ідзі. Ты ідзі да мяне, таму што я самы блізкі для цябе чалавек. І мы будзем гэтую праблему рашаць”. Калі ў дачкі з’явілася “каханне”, муж з-за бацькоўскай рэўнасці хацеў правесці свой выхаваўчы працэс. Дык я яму сказала: “Не лезь, не спужай. Гэта наша, дзявочае”.
– Хто ў вашай сям’і галоўны?
– Па вялікаму рахунку ў нас раўнапраўе. Хаця Аляксей – галоўны здабытчык, а значыць галава. Я магу поўнасцю абаперціся на яго. А так ва ўсіх сямейных справах мы раімся, разам прымаем рашэнні.
– Гляджу на вас такую мініяцюрную і думаю, як вы трапілі на такое фізічна складанае прадпрыемства, як ОКЗ, і дзе бераце сілы?
– Мне здаецца, лёгкай работы не бывае, кожная па-свойму цяжкая. Мы наогул такая рабочая сям’я: я працую на ОКЗ, муж – брыгадзірам у Шумілінскай ПМК-70. Калі мне было 11 год, мы прыехалі з далёкага Казахстана ў Обаль, бо на той час пасёлак быў перспектыўным, тут была магчымасць і дастойна зарабляць, і мець адразу добраўпарадкаванае жыллё. Мае мама і тата працавалі на ОКЗ, тата адсюль пайшоў на пенсію. Я ведала “смак” гэтай работы. І, хаця і вывучылася на прадаўца, у 2000-м годзе ўсё ж такі апынулася на заводзе. Спачатку працавала падсобнай рабочай, потым вогнеўпоршчыцай. І пастаянна вучылася ў калег, асвойвала новыя рабочыя спецыяльнасці. Калі пачалася рэканструкцыя цэха, кіраўніцтва прапанавала вывучыцца на аператара пульта кіравання. Я згадзілася. І вось паўтара года працую па новай спецыяльнасці.
– Дык зараз вы кіруеце робатамі? Слухаюцца?
– Канешне, яны ж разумныя, іх дзеянні цалкам запраграмаваныя. Да таго, ў мяне вельмі надзейны калега-напарнік, з якім нічога не страшна. Ён пастаянна мяне вучыць. Мы працуем зменамі па дванаццаць гадзін, з начнымі, выхаднымі і святочнымі. Вытрымліваю, бо вынослівая і ніякай работы не баюся.
– А на дамашнія клопаты сіл хапае?
– Дамашнія клопаты ніхто не адмяняў. Хапае сіл і на адпачынак. І на тое, каб схадзіць да сына ў школу на той жа “Дзень здароўя” ці бацькоўскі сход, і з’ездзіць да дачкі ў Наваполацк. Люблю ў кінатэатр з мужам схадзіць ці па прыгожых мясцінах прагуляцца. Шкада, што не так часта гэта выпадае. Дома люблю паглядзець гістарычны фільм. А вось серыялы чамусьці не люблю.
Як і належыць, ёсць непадалёк ад дома невялікі зямельны ўчастак. Тут, прызнацца, без фанатызму, вырошчваем самае неабходнае. Ну і сабе час выкройваць трэба абавязкова, я ў гэтым пераканана. Таму ў чым-у чым, а ў манікюры ніколі сабе не адмаўляю. Плюс прычоска з афарбоўкай, макіяж. Ну, словам, як у любой жанчыны. Наогул я заўсёды стараюся жыць прыстойна, стараюся працаваць годна. Да людзей адносіцца добра. І жыць на пазітыве.
– Няхай у вас усё атрымліваецца.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №11 ад 05.02.2019 г.