Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Ухіліст
Спецыялісты адасобленай групы аб’яднанага раённага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў паведамілі ў раённы аддзел унутраных спраў пра ўхіліста, які пасля неаднаразовых уручаных павестак так і не з’явіўся ў ваенкамат. Супраць 23-гадовага хлопца ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае штраф або арышт, або абмежаванне волі да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Крадзеж
Пацярпела пенсіянерка з Шуміліна. Невядомыя злодзеі трапілі ў яе дом і гаспадарчую пабудову шляхам адціскання замкоў. Прапала 37 метраў трохжыльнага меднага дроту, шэсць 40-літровых бітонаў і дарожны веласіпед. Агульны ўрон ацэнены ў 327 рублёў.
Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, якое пагражае злачынцу, – абмежаванне волі да 4-х гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Аўташыны
У міліцыю звярнуўся жыхар Мікіціхі, які расказаў, што невядомыя злодзеі вырвалі дзвярны прабой з яго дачнага дома і ўкралі 4 аўтамабільныя шыны з літымі дыскамі і бензакасу. Агульны ўрон склаў 1080 рублёў. Узбуджана крымінальная справа. Злачынца вышукваецца.
Тэлефон
Жыхар Лявонава расказаў супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў, што з конскіх калёс каля магазіна па вул. Першамайскай у Обалі ў яго прапаў мабільны тэлефон. Міліцыянеры высветлілі, што тэлефон прыбраў да рук мясцовы жыхар. Мабільнік канфіскаваны і будзе вернуты гаспадару. Злодзею пагражае абмежаванне волі да трох гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Са зводак ДАІ
Кювет
Жыхар райцэнтра, які на асабістым аўтамабілі “Фальксваген-Пасат” ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк (стары накірунак), пры выбары хуткасці руху не ўлічыў складаных умоў (ішоў снег). Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і апынуўся ў кювеце. Аўтамабіль пашкоджаны. Вадзіцель выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Не размінуўся
Жыхар нашага раёна, які, будучы цвярозым, на МТЗ ехаў па вёсцы Мазалава Віцебскага раёна, не размінуўся з электрычным слупам. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.
Без флікера
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспецыі затрымалі на вуліцы Суворава ў райцэнтры мясцовага жыхара, які ў стане алкагольнага ап’янення і без флікера ішоў у цёмны час сутак па краі праезнай часткі. Такі ж парушальнік быў выяўлены на вуліцы Луначарскага. Абодвум пагражае штраф да 5 базавых велічынь.
Нецвярозы
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне спынілі жыхара Чашнікаў, які ехаў на аўтамабілі “Фальксваген-Гольф” у стане алкагольнага ап’янення. Такая паездка мужчыну абышлася дорага: штрафам у памеры ад 50 да 100 БВ і пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №7 ад 22.01.2019 г.