Прямая линия с председателем райисполкома

Актуалии Президент

На тэлефоннай лініі — насельніцтва  раёна
28 ліпеня старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук правёў “прамую лінію”. Дзве гадзіны, акрэсленыя для “прамой лініі”, не змаглі ўмясціць усіх жадаючых пагаварыць асабіста з кіраўніком раёна. Тэлефонная размова з жыхарамі раёна расцягнулася на тры з паловай гадзіны. Вальдэмар Антонавіч уважліва выслухаў кожнага, па кожнаму звароту адразу ж даваў даручэнні. Не забываў пацікавіцца ў людзей іх надзённымі справамі, абслугоўваннем, пажадаць здароўя.
Шуміліна, Башні, Лажок, Пушча, Кардон, Язвіна, Грабянцы… — геаграфія зваротаў шырокая. Як і тэматыка. На фоне прывычных камунальных пытанняў “выплыла” малочная тэма. Вельмі сур’ёзная і няпростая. Яна патрабуе выпрацаваць механізм эканамічнага ўплыву на нядобрасумленнасць. Інакш як абараніць сумленнага малаказдатчыка, які здаў, напрыклад, 100 літраў якаснага малака (у Башнях і ў Лажку людзі  трымаюць па 8—10 кароў), а нехта па-суседству ўліў у агульны кацёл 5—10 літраў ад хворай каровы, пралечанай антыбіётыкамі, спаганіў усё малако, сырзавод у выніку яго вярнуў назад.  “Але мы не вінаватыя, — абураюцца І. М. Новікава з Башнёў і Н. В. Шавяка з Лажка, — мы здалі добры прадукт, хто нам за яго за-плаціць?”
Пытанне патрабуе дасканалага аналізу. Тую работу, што правёў райсельгасхарч і спецыялісты СВК “Баравінка”, В. А. Падляшчук лічыць недастатковай. Ён аддаў распараджэнне стварыць спецыяльную камісію, якая павінна не толькі разабрацца з гэтай праблемай, але і выпрацаваць механізм, які б папярэджваў падобныя з’явы.
З асаблівай пашанай старшыня райвыканкама адносіцца да зваротаў ветэранаў. Інвалід Вялікай Айчыннай вайны 2-й групы Генадзь Канстанцінавіч Хруцкі прыехаў з Пушчы на пошту ў Обаль, каб пагаварыць з кіраўніком раёна.  “Чаму ж з дому не пазванілі?” — пацікавіўся Вальдэмар Антонавіч.
“Ды тэлефон не працуе, у ім толькі радыё іграе”, — пачуў у адказ.
Абслугоўванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны павінна быць на асаблівым кантролі ў кожнай раённай службы, падобныя з’явы проста недапушчальныя, перакананы В. А. Падляшчук. Літаральна гадзіна была дадзена сувязістам, каб адрамантаваць ветэрану тэлефон. У гэтай сувязі папрок быў зроблены і сацыяльным работнікам, якія павінны былі ведаць гэту і іншыя праблемы ветэрана і паведаміць пра іх у адпаведныя службы, а не вымушаць 96-гадовага чалавека ездзіць і шукаць паратунку.
Не павінна была “вырасці” да ўзроўню кіраўніка раёна і праблема, з якой звярнулася Н. С. Кралько з Кардона. Дарэчы, яе муж Іван Казіміравіч таксама ветэран Вялікай Айчыннай. Дык вось сям’ю Кралько непакояць старыя аварыйныя бярозы, якія яны просяць спілаваць. “Звярталіся да дэпутата, у сельвыканкам, у аддзел па надзвычайных сітуацыях. Не рашаецца пытанне”, — расказала Ніна Станіславаўна.
“Рашыцца. У хуткім часе”, — запэўніў Вальдэмар Антонавіч. І ў гэтым можна не сумнявацца.
Але не ўсё можна рашыць станоўча ў адзін момант. Часам даводзіцца і адмаўляць людзям. Як, напрыклад, па пытанню В. Я. Правінкінай з Язвіна аб асфальтаванні вуліцы.
“Сёння не маем такой магчымасці, — паведаміў кіраўнік раёна, — але Язвіна мы ўключылі ў праграму будаўніцтва аграгарадкоў на будучую пяцігодку. Тады і вернемся да гэтага пытання. А паабяцаць і не зрабіць – не магу”, — дадаў ён.
Безумоўна, пераважная большасць пытанняў носіць бытавы характар, тычыцца сферы абслугоўвання. Калі сфера працуе стабільна, то і пытанняў не ўзнікае. Так было і з гандлёвым абслугоўваннем жыхароў вёскі Грабянцы Мішневіцкага сельсавета. Але не стала прывычнага вадзіцеля – і пайшлі праблемы: і чакаць аўталаўку вяскоўцы вымушаны па 3—4 гадзіны, і абслугоўванне грубае.
“Прымем меры, — паабяцаў В. А. Падляшчук, — сёння ў гандлёвым абслугоўванні такога проста не павінна быць”.
А вось А. Э. Баранава з райцэнтра заклапочана тым, каб больш людзей у нас вялі здаровы лад жыцця. На яе думку, у Шуміліне не хапае спартыўна-аздараўленчага комплексу, таго ж фітнэсу для жанчын.
Вальдэмар Антонавіч падзякаваў за такое пытанне. Ён падкрэсліў, што таксама зацікаўлены ў развіцці спорту і фізкультуры ў раёне, расказаў, што плануецца рамонт фізкультурна-аздараўленчага комплексу, падрыхтавана неабходная дакументацыя, але з работамі трэба пачакаць, найперш трэба завяршыць рамонт школы мастацтваў і СШ №1. А пакуль ён даў заданне аддзелам фізкультуры і спорту, адукацыі і культуры райвыканкама адкрыць дадатковыя групы для заняткаў усіх жадаючых аэробікай, шэйпінгам, чарлідзінгам і іншымі відамі спартыўнага аздараўлення.

Автор Алина ПЕТРОВА.
Опубликовано в №58 от 30.07.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *