Доска почёта Шумилинского района: Ольга Матушкова

Актуалии Общество Экономика

Не стаяць на месцы, а працаваць над сабой

Сваё прафесійнае свята – Дзень банкаўскіх работнікаў – у дзясяты раз адзначае Вольга Матушкова, кіраўнік аперацыйнай службы Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 ААТ “ААБ Беларусбанк”, адна з лепшых работнікаў установы, прозвішча якой занесена на раённую Дошку гонару.
“У “Беларусбанку” высока цэняцца прафесіяналізм, дакладнасць, арганізаванасць і спраўнасць, творчы падыход да справы, уменне ў любой сітуацыі праяўляць карэктнасць і тактоўнасць, – кажа дырэктар ЦПБ №225 Вольга Масько. – Усе гэтыя якасці ў поўнай меры адносяцца да Вольгі Леанідаўны Матушковай”.
Банкаўская служба не стаіць на месцы, увесь час прапануе новыя прадукты, характарыстыка паслуг пры гэтым пастаянна мяняецца і ўдасканальваецца, з’яўляецца шмат навінак. І Вольга па доўгу службы проста абавязана быць у курсе ўсіх новаўвядзенняў, пры гэтым умець прапанаваць кліенту менавіта той банкаўскі прадукт, які апраўдае ўсе яго чаканні. Вольга робіць гэта прафесійна, граматна, даступна тлумачыць нюансы, каб чалавек застаўся задаволены і стаў пастаянным наведвальнікам. Невыпадкова яна сёння з’яўляецца асабістым менеджарам для многіх кліентаў, якія давяраюць ёй свае фінансавыя пытанні і ведаюць, што да яе за слушнай кансультацыяй можна звярнуцца ў любы час сутак.
Зразумела, што поспех і павага не прыходзяць да чалавека проста так. Іх можна дасягнуць толькі працуючы кожны дзень над сабой і сваімі прафесійнымі якасцямі. І Вольга Матушкова працуе, бо мэтанакіраванасці ёй не займаць. У банкаўскую сферу яна прыйшла дзесяць год таму і за гэты час заваявала неаспрэчны аўтарытэт, павагу, прызнанне, атрымала вышэйшую банкаўскую адукацыю, паднялася па службовай лесвіцы з пасады простага спецыяліста да кіраўніка аперацыйнай службы, у падпарадкаванні якога зараз 10 чалавек.
Работа забірае шмат часу, з якім, прызнаецца Вольга, яна не ўмее лічыцца, аднак і сям’і ўдаецца ёй удзяляць дастаткова ўвагі. Яна разам з мужам выхоўвае дачку Уладзіславу, якая, дарэчы, ужо вучыцца ў дзясятым класе, даглядае дом і сабаку, вырошчвае кветкі, рэгулярна наведвае ФАЦ, бо вельмі сябруе са спортам. І на сябе, каб быць прывабнай і прыгожай, выкройвае час. І ўсё таму, што В. Л. Матушкова дакладна пераканана, што ніколі не трэба стаяць на месцы, а ўвесь час працаваць над сабой. Толькі тады можна чакаць вынік.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №2 ад 05.01.2019 г.