Педагоги Шумилинщины отметили профессиональный праздник

Актуалии Образование Общество

Сказалі дзякуй настаўніку
У мінулую пятніцу актавая зала Шумілінскай СШ №1 вітала работнікаў адукацыі з усяго раёна. Аддзел адукацыі райвыканкама і райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі арганізавалі ўрачысты вечар з нагоды прафесійнага свята педагогаў — Дня настаўніка.
“Гэта адно з самых яркіх і значных святаў не толькі для настаўнікаў, але і для іх вучняў, як цяперашніх, так і былых. Клопат пра дзяцей, шлях у краіну ведаў разам з выхвальнікам, потым з настаўнікам,  знаходзяць шчыры водгук”, — падкрэсліў значэнне прафесіі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Анатоль Мікалаевіч зачытаў прывітальны адрас настаўнікам раёна ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў і ўручыў яго начальніку аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаву.
Ён таксама ўручыў Падзяку старшыні райвыканкама настаўніцы гісторыі СШ №1 С. А. Шуляр.
Начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў шчыра дзякаваў педагогам раёна за працу, выказаў пажаданні поспеху і дабрыні. “Чалавек прыходзіць ў школы малым, а пакідае яе сфарміраванай асобай са сваім поглядам на жыццё, з трывалымі ведамі”, — заўважыў Пётр Уладзіміравіч. Асаблівыя словы падзякі былі выказаны педагогам-ветэранам, якіх таксама запрасілі на свята.
П. У. Спірыдонаў уручыў граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама настаўніцам СШ №2 І. Л. Качан і Язвінскай БШ А. У. Караленка, выхавальніцы Обальскага ясляў-сада Н. І. Хруцкай.
З нагоды прафесійнага свята шматлікая група педагогаў раёна была адзначана граматамі аддзела адукацыі райвыканкама.
З віншаваннямі ад раённай прафсаюзнай арганізацыі выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г. Ф. Раманенка. Яна ўзнагародзіла граматамі райкама прафсаюза групу кіраўнікоў школ і пярвічных прафарганізацый, прафсаюзных актывістаў, іншых работнікаў аддзела.
Упрыгожвалі вечар музычныя нумары, падрыхтаваныя самадзейнымі артыстамі гарадскога Дома культуры. Яны дарылі настаўнікам і выхавальнікам песні, а ў адказ атрымлівалі шчырыя і шчодрыя апладысменты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №76 ад 04.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *