Магчымасць пажадаць усяго добрага…
Святы прыдуманы людзьмі не дарэмна. Яны даюць магчымасць разам з віншаваннем сказаць шчырыя словы дабра. Пра тое, як важна не забываць пра тых, каму патрэбны такія словы, падтрымка і дапамога, добра ведае старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” Л. М. Нагібава. Любоў Мікалаеўна хварэе душой за кожнага падапечнага і не прапусціць шансу зрабіць для іх нешта значнае. Падтрымлівае яе ў арганізацыі добрых спраў такі ж адданы людзям чалавек, старшыня ветэранскай арганізацыі медработнікаў Л. М. Дземянёва.
У мінулы аўторак больш васьмідзесяці чалавек – членаў арганізацыі і ветэранаў медыцыны – сабраліся ў кафэ “Фартуна”, каб павіншаваць з юбілеямі 36 сваіх сяброў.
Прыйшлі павіншаваць юбіляраў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова, старшыня раённага савета жанчын, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая.
Вядучая свята метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама І. А. Бондарава прызналася, што з хваляваннем вяла праграму такога мерапрыемства. А вось вакальная група хору “Світанак” ГДК не ўпершыню выступае перад членамі таварыства, ветэранамі. Спявачкі тут заўжды чаканыя, бо песні ў іх выкананні кранаюць за душу. Заўжды цёпла прымаюць на свяце шчырасць спеву Валянціны Навіцкай. Ад душы падарылі юбілярам народныя песні ветэраны Л. Ф. Мурашка, Е. І. Васільева, З. І. Кузмін.
Вельмі ўдзячныя ўсе, хто пабываў на свяце, арганізатарам мерапрыемства, кіраўніцтву райспажыўтаварыства, работнікам кафэ “Фартуна”, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзелу культуры райвыканкама, калектыву Шумілінскага ГДК, усім, хто дапамог набыць сувеніры, хто прынёс кветкі, хто падарыў радасць.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №76 ад 04.10.2011 г.