Шумилинский район подводит итоги работы за 2018 год, ставит задачи на 2019-й

Актуалии Новости Президент

Прыярытэт – развіццю існуючых вытворчасцяў

19 снежня прайшло сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, на якім былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання раённага бюджэту ў 2018 годзе,  вызначаны задачы на наступны год, а таксама разгледжана работа па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Алег Быкаў адзначыў,  што выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця – гэта індыкатар, які паказвае ўзровень работы арганізацый і прадпрыемстваў раёна, які ўплывае на якасць жыцця людзей. У раёна ёсць пэўныя вынікі і дасягненні, але ёсць і над чым працаваць. З 5 ключавых паказчыкаў матрыцы заданняў выкананы 4, з 13 рэйтынгавых паказчыкаў выкананы 6.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка далажыла пра асноўныя параметры работы эканомікі раёна, развіцця сацыяльнай сферы, акрэсліла задачы на 2019 год.
За 10 месяцаў бягучага года рост вытворчасці валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях раёна склаў 106,7%, гадавы прагноз – 105% (заданне 112%). Ніжэй за мінулагоднія паказчыкі сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і надоі малака. Удалося павялічыць пагалоўе жывёлы на 446 галоў – да 18872 галавы. Праблемай з’яўляецца абнаўленне машынна-трактарнага парка ў гаспадарках раёна: знос машын і абсталявання складае 50,9%. Складанай застаецца фінансавая сітуацыя ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Разам з тым, праведзена пэўная работа пад ураджай 2019 года: пасеяны 7 тысяч га азімых зерневых і 2 тысячы га азімых крыжакветных, узнята 7,9 тысячы га зябліва.
У прамысловасці забяспечыў рост вытворчасці прадукцыі Обальскі керамічны завод (106,1%), а УП ЖКГ скараціла вытворчасць цеплавой энергіі на 8,1%.
За студзень-кастрычнік 2018 года рознічны тавараабарот выкананы на 112,9% пры заданні 106%. За год у раёне адкрыліся дзве крамы “Еўрагандаль”, крама ГД “Лагуна”, 2 аб’екты грамадскага харчавання, 3 кіёскі “Табакерка”.
З кожным годам павялічваецца роля прыватнага сектара эканомікі: у раёне працуюць 137 арганізацый, якія забяспечваюць 63,8% экспарту прадукцыі, 56,7% паступленняў у бюджэт, 30% занятых у эканоміцы. Сёлета створаны 6 новых арганізацый.
Важнейшай асаблівасцю прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год з’яўляецца рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі, адзначыла дакладчык.
У ходзе абмеркавання пытання старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што новыя працоўныя месцы дазволілі прыцягнуць працоўныя рэсурсы ў эканоміку раёна. Трэба не чакаць інвестара аднекуль, а прыярытэтным напрамкам лічыць развіццё існуючых вытворчасцей і прадпрыемстваў за кошт пашырэння асартыменту прадукцыі і павелічэння аб’ёмаў вытворчасці.
У якасці галоўнай задачы для ўсіх кіраўнікоў арганізацый старшыня райвыканкама Алег Быкаў назваў бачанне перспектывы развіцця прадпрыемства, праграмы мадэрнізацыі для кожнага прадпрыемства, разуменне, што ад гэтага залежыць працаўладкаванне людзей, замацаванне кадраў у раёне, павышэнне заробкаў і дабрабыту насельніцтва.
Даклад аб выкананні раённага бюджэту за 11 месяцаў 2018 года і праект бюджэту на наступны год прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка.
За 11 месяцаў паступленне даходаў у бюджэт раёна склала 15 229,6 тыс. рублёў. У раённы бюджэт паступіла 10 804,6 тыс. рублёў. Гадавы план бюджэту выкананы на 94,1% (па вобласці 90,8), план 11 месяцаў выкананы на 103,2%. Большую частку паступленняў забяспечыў падаходны падатак з фізічных асоб (90%), падатак на дабаўленую вартасць (16,4%), падаткі на маёмасць (13,5%), плацяжы пры асобных рэжымах падаткаабкладання (7%), кампенсацыі затрат дзяржаве (6,4%) і падатак на прыбытак (2,7%).
Расходы бюджэту склаліся ў суме 26 949,5 тыс. рублёў. За кошт уласных даходаў прафінансаваны 40,1% усіх расходаў, за кошт паступленняў з вышэйшага бюджэту – 59,9%. У структуры расходаў 40,2% – расходы на адукацыю, 19,2% – на ахову здароўя, 15,6% – на жыллёва-камунальную гаспадарку і жыллёвае будаўніцтва, 6,8% – на фізкультуру, культуру і СМІ, 9,9% – на агульна-дзяржаўную дзейнасць, 5,7% – на сацыяльную абарону. Прафіцыт бюджэту склаў 922,7 тыс. рублёў.
Праект бюджэту на 2019 год таксама захаваў сацыяльную накіраванасць пры ўзмацненні эканоміі, аптымізацыі расходаў, павелічэнні аб’ёмаў даходнай дзейнасці, паведаміла Алена Савельеўна.
З інфармацыяй аб рабоце па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года  № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў старшыня пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Ірына Новікава. Ірына Мікалаеўна пад-крэсліла, што дэкрэт накіраваны, у першую чаргу, на арганізацыю работы па дапамозе грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванне працоўнай занятасці, прадпрымальніцтва, самазанятасці насельніцтва, легалізацыю працоўнай дзейнасці грамадзян.
У рамках падпраграмы “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады ў раёне за 11 месяцаў уладкаваны на працу 255 чалавек, з іх 122 – беспрацоўныя. Часовай занятасцю на грамадскіх работах ахоплены 51 чалавек, асвоена 42,5 тысячы рублёў. На новае месца жыхарства і работы пераселены 3 сям’і. Арганізавана навучанне 10 грамадзян па заказах наймальнікаў. У выніку ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя зніжаны з 0,5 да 0,2 працэнта.
Праведзены 13 пасяджэнняў пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці, на якія былі запрошаны 95 грамадзян, не занятых у эканоміцы. Цяпер ка-місія праводзіць работу па інфармаванні грамадзян, уключаных у базу даных працаздольных грамадзян не занятых у эканоміцы. У базу уключаны 1136 грамадзян, якія зарэгістраваныя на тэрыторыі раёна, з іх 456 – жыхары Шуміліна. У камісію паступаюць дакументы ад грамадзян, якія працуюць ці вучацца за мяжой, што дазваляе змяніць іх статус у базе. Так, ужо прыняты рашэнні па 37 грамадзянах, паступілі дакументы яшчэ ад 63, паведаміла дакладчык.
Рэалізацыя дэкрэта выявіла шэраг праблемных пытанняў, сярод якіх  – значны адток працоўных рэсурсаў за межы раёна і дзяржавы, адсутнасць ў грамадзян прафесійных навыкаў, асацыяльныя паводзіны і іншае. Разам з тым у раёне ідзе скарачэнне колькасці працаздольных грамадзян. Для прыцягнення кадраў у раён трэба рашыць многія пытанні, у тым ліку паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне заработнай платы, адзначыла Ірына Новікава.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №99 ад 21.12.2018 г.