СФГ “Раднік”: адзін дзень у гаспадарцы

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Юрый Сямёнаў разам з Валянцінай Гнядоўскай і Андрэем Гушчам.

СФГ “Раднік”: адзін дзень у гаспадарцы

Плошча сельгасугоддзяў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі “Раднік” складае 3290 га, у тым ліку 2291 га – ворыўныя землі. У гэтым годзе ўраджайнасць яравога рапсу была самай вялікай у раёне і склала 17,5 ц/га (летась 10,4 га).  У “Радніку” дзве малочнатаварныя фермы, дзе знаходзяцца 350 кароў. Валавы надой за  студзень-лістапад склаў 1464 тоны, надой на карову – 4182 кг.  У СФГ “Раднік” працуе 77 чалавек.
“Трэба любіць сваю малую радзіму”
Каб сустрэцца з кіраўніком СФГ “Раднік”, мы дамаўляліся загадзя, потым пераносілі нашы сустрэчы, бо Юрыя Віктаравіча Сямёнава цяжка заспець на месцы: ён то на нарадзе ў раёне, то  на маторарамонтным заводзе, то ў “Віцебскнасентравах”, куды здае насенне шматгадовых траў, то на пасяджэнні абласной асацыяцыі фермераў, якую ўзначальвае. Адным словам, клопатаў у кіраўніка гаспадаркі, якая сёння з’яўляецца адной з лепшых у раёне, хапае.
Юрый Сямёнаў прывык клапаціцца пра зямлю, ураджай, кармы і, канешне ж, людзей, якія працуюць у гаспадарцы, з таго далёкага  2002 года, калі фермерская гаспадарка ўзяла пад сваё крыло былы калгас “Ленінскі прызыў” разам з яго даўгамі. І праз некалькі гадоў СФГ “Раднік”, элітная гаспадарка па вырошчванні насення шматгадовых траў, зернебабовых і крыжакветных культур, стала вядомай ва ўсёй вобласці. Не збавілі сваіх пазіцый і зараз. Аграномы кажуць, што кормавытворчасць Віцебскай вобласці пачынаецца з “Радніка”. Гэта значыць, насенне шматгадовых траў, якое вырошчваюць тут, разыходзіцца па ўсёй Віцебшчыне. “Толькі сёлета прадалі больш за 120 тон насення суперэліты, – кажа Юрый Віктаравіч.  – Гэта злакавыя травы: аўсяніца чырвоная, трысняговая і лугавая, райграс пашавы, фестулоліум, купкоўка, двухкістачнік трысняговы, а таксама бабовыя: белая канюшына, галега ўсходняя і баркун белы. Асабліва мне, як аграному, даспадобы баркун, які можна назваць культурай лайдака, бо ён расце без мінеральных угнаенняў і дае па 700 цэнтнераў зялёнай масы. Таксама падабаецца галега: калі ў першы год строга захоўвай тэхналогію догляду, потым на працягу дваццаці гадоў атрымлівай два ўкосы за лета. Гэта самая танная кармавая адзінка”.
“Раднік” – элітная гаспадарка па вырошчванні крыжакветных, насенне якіх здаюць на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Кожны год сюды палову насення яравога рапсу прывозяць менавіта з мішкавіцкіх палеткаў, якое потым размяркоўваюць паміж сельгасгаспадаркамі ўсёй Віцебскай вобласці. Сёлета ў “Радніку” разам з азімым рапсам пасеялі і сурэпіцу. Разлік быў гаспадарскі: гэта культура непераборлівая да ўмоў надвор’я, менш хварэе і на паўтара-два тыдні выспявае раней, чым рапс. Гэта самыя “раннія грошы”, якія гаспадарка атрымлівае летам.
“А яшчэ наша прадпрыемства спецыялізуецца на вырошчванні бабовых культур, – дадае намеснік кіраўніка па раслінаводстве Андрэй Гушча.  – У першую чаргу робім стаўку на кармавыя бабы і розныя гатункі гароху, якія, з’яўляючыся багатай крыніцай бялку, узбагачаюць глебу азотам”.
Вядома, ад продажу насення шматгадовых траў, крыжакветных і бабовых культур гаспадарка мае нядрэнны прыбытак. Прадаецца ўсё, што вырошчваецца. Толькі вось бульба апошнія гады “ідзе тугавата”…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Больш падрабязную інфармацыю можна прачытаць ў №96 ад 11.12.2018 г.