Зараз – самая пільніца
Нават сонца за імі не паспявае: заходзіць – яны яшчэ на нагах, устае – а яны ўжо на нагах. Яны – гэта хлебаробы, у іх самая пільніца – жніво. Хапае клопатаў і механізатарам, і поварам, і спецыялістам, і кіраўнікам – ад старшыні калгаса да старшыні райвыканкама.
Кожны дзень у полі зроку кіраўніка раёна цэлы тузін пытанняў. І ўсе неадкладныя. Вось і на гэты раз на селектарнай нарадзе, якая праходзіла ў мінулую сераду, В. А. Падляшчук спыніўся перш за ўсё на тых пытаннях, якія не складваюцца. Найпершы клопат пра дзяржзаказ. Справа ідзе марудна, па-хваліць можна хіба толькі СФГ “Крыніца” (на 28 ліпеня тут з 300 запланаваных тон здадзена 225), у астатніх то “натуры не хапае”, то жадання. Па асобных гаспадарках і тэмпы, і арганізацыя работ кіраўніком раёна названы нездавальняючымі.
За жніўнымі клопатамі ні ў якім разе нельга забыцца на жывёлагадоўлю. Раён мінусуе па малаку, гэта недапушчальна, перакананы Вальдэмар Антонавіч. Сітуацыю можна па-правіць камбікормам, які выдзелены гаспадаркам, але яны не спяшаюцца яго забіраць.
Як і мінеральныя ўгнаенні пад будучую сяўбу. Зноў патрэбны прымус з боку кіраўніцтва раёна.
Кіраўніку – і вышэйшага, і першаснага ўзроўню — трэба бачыць усё: і надзённае, і на перспектыву, і прыватныя пытанні людзей вырашаць – аб усім гэтым ішла размова на селектарнай нарадзе.
Працуйце, а мы пра вас напішам
“Як гэта мы не маем дачынення да жніва? – абурылася галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Валянціна Навіцкая. – Мы забяспечваем культурнае абслугоўванне. Склалі план мерапрыемстваў на бліжэйшыя два тыдні, у час абеду ці якой перадышкі бу-дзем дарыць механізатарам песні, віншаваць з працоўнымі перамогамі і асабіс-тымі святамі. Гэта ж неабходна”.
А як адказная ад райвыканкама за ход жніва ў СВК “Прыдзвінскі”, Валянціна Георгіеўна з захапленнем расказала, як стараюцца ў падапечнай гаспадарцы. 27 ліпеня, напрыклад, ва ўрочышчы Прыдзвінне камбайнеры працавалі да паловы другой ночы. Пры такім імпэце ды новай тэхніцы (самаму старому камбайну не больш трох год) гаспадарка хутка справіцца са жнівом. В. Г. Навіцкая пераканана, што ўсіх камбайнераў гаспадаркі – Дзмітрыя Бязрукава, Аляксандра Аляксеева, Андрэя Каваленку, Яўгена Прыгуна, Валерыя Шаурава, Аляксандра Аўчыннікава, Віктара Аўчыннікава – трэба пахваліць праз раённую газету.
Што мы і робім. Нам не шкада месца для добрых людзей. І для добрай справы. Працуйце, а мы пра вас напішам.
Автор Алина ПЕТРОВА.
Опубликовано в №58 от 30.07.2010