Галоўнае — гэта здароўе
У панядзелак, 26 верасня, адбылася чарговая 14-я сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання. Удзел у рабоце сесіі прыняў кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, а таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Міхайлаўна Падаляк. Работу сесіі вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава.
У якасці асноўных на парадак дня былі вынесены два актуальныя і важныя пытанні — аб медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна і аб спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Дакладчыкамі па гэтых пытаннях выступілі галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў.
Галоўны ўрач, у прыватнасці, паведаміў, што насельніцтва раёна абслугоўвае 471 медыцынскі работнік, з якіх 44 урачы. Сёння нам не хапае 13 урачоў, а калі раптам урачы-пенсіянеры вырашаць пайсці адпачываць, гэтую лічбу трэба будзе падвоіць. К. Ф. Баканаў ускладае спадзяванні на студэнтаў, якія вучацца па мэтавых накіраваннях (зараз па такіх накіраваннях вучыцца 31 студэнт), з будучага года яны пачнуць умацоўваць наш доктарскі корпус. Для іх, падкрэсліў Канстанцін Фёдаравіч, і жыллё прадастаўляецца ў першую чаргу, гэтаму, вядома ж, усяляк садзейнічае раённае кіраўніцтва. Так, у мінулым годзе добраўпарадкаванае жыллё атрымалі тры спецыялісты-медыкі, сёлета — пяць.
А пакуль кадравая праблема застаецца галоўнай. На другі план адступілі ўжо матэрыяльныя праблемы, якія паціху вырашаюцца. К. Ф. Баканаў адзначыў, што дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла і дзяржаўнай падтрымцы ў 2,2 мільярда рублёў, удалося надаць зусім новы выгляд васьмі медыцынскім установам. Работы па рамонце і абсталяванні сучаснай апаратурай медыцынскіх устаноў, у тым ліку і цэнтральнай раённай баль-ніцы, працягваюцца і сёння. Звыш паўмільярда дзяржаўных грошай атрымала раённая бальніца ў гэтым годзе толькі на рамонт даху.
І кадравыя, і матэрыяльныя ўліванні накіраваны на адно — лячэнне насельніцтва раёна і ўмацаванне яго здароўя. І тут яшчэ вельмі шмат работы. Галоўны крытэрый — мінусавая дэмаграфія — не дазваляе сцвярджаць, што медыкі зрабілі ўсё магчымае для выканання гэтай высакароднай мэты, як урэшце і само насельніцтва. Факты красамоўна пацвярджаюць гэта. За восем месяцаў гэтага года ў раёне нарадзілася 170 дзяцей — на 19 больш, чым летась, другое месца ў вобласці пасля Дубровенскага раёна. Але ж за гэты час мы страцілі 291 чалавека, прычым, чвэрць з іх — працаздольнага ўзросту.
Канстанцін Фёдаравіч падрабязна спыніўся на прычынах смяротнасці. З 291 чалавека толькі 44 памерлі ад старасці, 133 — ад хвароб сістэмы кровазвароту, 35 — ад новаўтварэнняў, 33 — ад няшчасных выпадкаў, траўмаў, атручэнняў… Многія з іх маглі б і павінны былі жыць, калі б больш клапаціліся пра сваё здароўе і менш пілі.
І тут медыцынскае пытанне перарастае ў сацыяльнае. Медыкі часта канстатуюць тое, да чаго неабдумана ідзе сам чалавек. І вось мы ўжо маем лічбу — 678 чалавек стаяць на ўліку ў раённага нарколага, у тым ліку 107 жанчын і 11 падлеткаў(!). Прычым мы добра разумеем, што гэтая лічба далёкая ад рэальнасці. І як часта менавіта п’яны дурман становіцца прычынай суіцыдаў, панажоўшчыны, гібелі на вадзе і на пажарах, правакуе развіццё розных хвароб.
Безумоўна, медыкі павінны больш працаваць па прафілактыцы захворванняў, па раннім выяўленні хвароб, па больш актыўнай дыспансерызацыі насельніцтва, і гэта адзначаць выступаючыя пры абмеркаванні дакладаў, але ж і кожны чалавек абавязаны сам клапаціцца пра сваё здароўе.
Сёння мода на здаровы лад жыцця прыжываецца цяжка. Для дзяцей тут мядзвежую паслугу аказаў і камп’ютар, і прыклад пасіўнага жыцця дарослых. А пра той час, калі дзяцей было не загнаць у дом, калі яны ўвесь вольны час каталіся на лёдзе (самі ж яго і чысцілі), гулялі ў футбол, валейбол, іншыя рухавыя гульні, пра той час можна цяпер толькі ўспамінаць.
Сёння для жадаючых займацца фізкультурай і спортам створаны неабходныя ўмовы. Для гэтай мэты працуюць 38 работнікаў фізічнай культуры і спорту, ёсць гарадскі стадыён, 19 стандартных спартыўных залаў, 37 пляцовак, 10 прыстасаваных памяшканняў, паведаміў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму С. У. Каржуеў. Колькасць жа людзей, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам, склала ў мінулым годзе 3048 чалавек — гэта каля 15% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. За 8 месяцаў бягучага года, праінфармаваў Сяргей Уладзіміравіч, было арганізавана 67 спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Не трэба гаварыць, што асноўнымі прыхільнікамі фізкультуры і спорту і ўдзельнікамі спартыўных мерапрыемстваў з’яўляюцца школьнікі. Дарослае ж насельніцтва не вельмі ахвотна наведвае спартыўныя залы і стадыёны. Хаця ёсць у нас калектывы, дзе спорт у пашане, пра іх з высокай трыбуны гаварыў дакладчык. У першую чаргу ён адзначыў ПМК-70, ДРБУ-204, Обальскі керамічны завод, лясгас, цэнтральную раённую бальніцу, аддзел адукацыі райвыканкама, электрасеткі, ААТ “Лаўжанскае”, КУП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, КУСГП “Сіроцінскі”.
Дэпутаты і ўдзельнікі сесіі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні вынесеных на парадак дня пытаннях.
Галоўны санітарны ўрач раёна, дэпутат раённага Савета В. Р. Бурэнь выказаў занепакоенасць неналежным станам некаторых грамадскіх калодзежаў, замовіў некалькі слоў на карысць прышчэпак супраць грыпу.
Механізатар КУП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, дэпутат раённага Савета С. У. Гоманаў падзяліўся вопытам арганізацыі спартыўна-масавай работы на прадпрыемстве.
Дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін не пабаяўся быць крытычным у сваім выступленні. Ён назваў фармальнасцю тыя паглыбленыя медыцынскія агляды школьнікаў, што праводзяцца зараз, выказаў перакананне, што настаўнікі фізкультуры павінны здаваць экзамен на прафесійную прыгоднасць, каб быць для дзяцей асабістым прыкладам, падзяліўся вопытам арганізацыі фізкультурна-спартыўнай работы ў школе.
Першы сакратар райкама ГА БРСМ, дэпутат раённага Савета Ю. С. Галуза расказала пра ўдзел у спартыўных мерапрыемствах раёна і вобласці моладзі.
Дырэктар ААТ “Пры-дзвінскі”, дэпутат раённага Савета У. І. Дзятлаў расказаў, што насельніцтва Каўлякоўскага сельсавета абслугоўваюць тры ФАПы, ёсць сучаснае абсталяванне, у Крывасельскім ФАПе, напрыклад, створаны працэдурны і дзіцячы кабінет, але не хапае стаматалагічнага. Няма ў аграгарадку і спартыўнай залы.
Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленка таксама ўзняў пытанне аб стаматалагічным лячэнні на месцы, а таксама аб рамонце ФАПа ў вёсцы Сураўні.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Падаляк расказала прысутным, што з 7 кастрычніка пачне работу сёмая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая разгледзіць шэраг важнейшых пытанняў. У прыватнасці, паведаміла Алена Міхайлаўна, на разгляд сесіі выносіцца праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Пасля завяршэння сесіі перад прысутнымі выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук. Вальдэмар Антонавіч закрануў шэраг надзённых пытанняў: па актывізацыі будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў, 40-кватэрнага жылога дома ў Шуміліне, па завяршэнні рамонту школы мастацтваў і іншых аб’ектаў, па падрыхтоўцы народнай гаспадаркі да работы ў зімовых умовах. На парадку дня і завяршэнне сельскагаспадарчых работ. Кіраўнік раёна паставіў задачу спарадкаваць вырашчаны ўраджай, бульбу захоўваць толькі ў спецыяльных сховішчах, ён адзначыў, што на патрэбы раёна хопіць сваёй бульбы і капусты.
Асаблівы акцэнт В. А. Падляшчук зрабіў на выкананне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 417 “Аб адначасовай матэрыяльнай дапамозе”, запэўніў, што ўсе акрэсленыя ва ўказе катэгорыі насельніцтва абавязкова атрымаюць такую дапамогу.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №75 ад 30.09.2011 г.