Даюць шанс на паўнацэннае жыццё
А верасень такі ж залаты і цёплы, як і дзесяць год таму, калі калектыў Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі рабіў свае першыя крокі ў галіне раённай адукацыі. Напэўна, такі Цэнтр павінен быў з’явіцца і значна раней, бо ён вельмі неабходны дзецям з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця і іх бацькам. Не сакрэт, што ў мінулым такія спецыялізаваныя ўстановы існавалі адасоблена, часцей за ўсё ў гарадах. Таму вясковых дзяцей прыходзілася адрываць ад сям’і. Між іншым, дзеці з асаблівасцямі развіцця, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў родных. Яны павінны жыць дома, а не ў інтэрнаце і атрымліваць адаптаваную да іх магчымасцяў адукацыю, не адрываючыся ад блізкіх ім людзей. І вельмі важна, што такія сем’і маюць дзяржаўную падтрымку, у тым ліку і праз работу бясплатных спецыялізаваных устаноў.
Спецыялісты раённага Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі вядуць работу па выяўленні дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Кожны год да трохсот рабят ранняга, дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў праходзяць спецыяльную камісію. Вельмі важна, што псіхолага-педагагічную дапамогу з мінулага года пачалі атрымліваць дзеці ад нараджэння да трох год. Акрамя педагагічнай, псіхалагічнай і карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі спецыялісты Цэнтра праводзяць метадычную работу з сацыяльнымі педагогамі і псіхолагамі школ і дзіцячых садоў раёна.
У ЦКР працуюць людзі не раўнадушныя да чужога болю, прафесійныя і адданыя сваёй справе спецыялісты. З першага дня адкрыцця ва ўстанове настаўнікі-дэфектолагі Л. Р. Казлова і Н. П. Кузняцова. Восем год з дзесяці Людміла Раманаўна была кіраўніком гэтага калектыву і вельмі многае зрабіла для паляпшэння ўмоў знаходжання і навучання выхаванцаў Цэнтра. Наталля Пятроўна вопытны спецыяліст, шчыры і тактоўны чалавек, яна была і застаецца надзейнай “правай рукой” і папярэдняга, і сённяшняга дырэктара. Адаграваюць дзетак сваёй душэўнасцю і ўменнем раскрыць іх сэрцы настаўнік і выхавацель спецкласа Н. Д. Галуза і Ю. У. Іванова, педагог-псіхолаг Н. М. Кліменцьева, сацыяльны педагог А. В. Трафімава. Хварэе душой за кожнага педагога, выхаванца і яго сям’ю дырэктар установы А. А. Шашкова. Яна на пасадзе другі год, але вопыт работы з такой катэгорыяй дзетак мае. Стараецца, шукае шляхі, знаходзіць, і вельмі ўдзячная за тое, што не адмаўляюць у дапамозе “Вежа”, ПМК-70, ПМС, ДРБУ-204.
Спецыялісты раённага Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі дапамагаюць дзеткам з асаблівасцямі развіцця не толькі набыць запас ведаў, а і вучаць не баяцца зносін з равеснікамі і дарослымі, вучаць элементарным навыкам самаабслугоўвання. Для іх гэта вельмі важна. Вось і падораная ў маі Цэнтру калектывам ААТ “Вежа” кухонная мэбля прыйшлася тут вельмі дарэчы. Выхаванцы спецкласа маюць магчымасць на ўроку навучыцца гатаваць сабе ежу, пры гэтым асаблівы акцэнт робіцца на захаванне правілаў бяспекі. Такія навыкі дапамагаюць гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам перамагаць боязь, адчуваць сябе менш залежнымі ад іншых.
– Мы бачым, як пужлівыя і няўпэўненыя ў сабе выхаванцы пачынаюць кантактаваць з равеснікамі, – расказвае Алёна Алегаўна. – Кожны поспех нас вельмі радуе. Мы разумеем, што з адкрыццём у нашай установе спецкласа не толькі дзеці, а і іх матулі набылі магчымасць выходзіць з дому. І ім ёсць куды ісці, ёсць з кім параіцца, ёсць каму даверыць выхаванне і догляд сваіх дзяцей. Мы рыхтуемся да сустрэчы з імі. Мы стараемся ім даць магчымасць адчуць сябе абароненымі, не пакінутымі сам-насам са сваёй бядой, патрэбнымі грамадству.
Уся работа, якую вядуць спецыялісты раённага Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі неацэнная, і галоўнае – тут даюць шанс на паўнацэннае жыццё…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №73 ад 23.09.2011 г.