Служыце, хлопцы, сумленна і адважна! А мы вас будзем чакаць!
Святочныя ўрачыстасці з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі прайшлі ў аўторак у райцэнтры
Наша краіна адзіная на постсавецкай прасторы, дзе на дзяржаўным узроўні штогод адзначаецца дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, як падзеі, якая стала сімвалам барацьбы за сацыяльную справядлівасць. Напярэдадні і ў дзень памятнай даты ладзяцца ўрачыстасці з удзелам улады, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскасці.
У аўторак святочны мітынг адбыўся ў райцэнтры і пачаўся з традыцыйнага шэсця ад помніка У. І. Леніну да брацкіх могілак. На мітынгу выступіў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў, які павіншаваў прысутных са святам . З вітальным словам выступілі дырэктар КУП БАН, кіраўнік раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Віктар Бабічаў, падпалкоўнік Ігар Аляксееў. Прысутныя гаварылі пра тое, што гістарычная падзея 1917 года заклала асновы для нацыянальнага адраджэння многіх народаў, дала пачатак нашай беларускай дзяржаўнасці, прынцыпам справядлівасці і роўнасці, права на працу, адпачынак. І наша пакаленне захавае, памножыць і перадасць нашчадкам тое перадавое, лепшае і каштоўнае, што было напрацавана за гэтыя доўгія гады.
Сёлета да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі былі прымеркаваны і мерапрыемствы па адпраўцы шумілінскіх юнакоў на тэрміновую воінскую службу. Будучыя салдаты сталі ўдзельнікамі святочнага мітынгу, ішлі ў адным страі, адчуваючы сябе часткай грамадскасці, якая шануе традыцыі. Яны ўскладалі вянкі і кветкі воінам, загінуўшым за вызваленне нашай Шуміліншчыны. Яны адчувалі, што землякі шануюць будучых абаронцаў Айчыны, зычаць ім самага добрага, лёгкай і спакойнай службы, справядлівага кіраўніцтва, сапраўдных сяброў.
Сам жа Дзень прызыўніка пачаўся са спартыўнага свята “Абаронца Айчыны”, падчас якога нашы навабранцы прадэманстравалі сваю фізічную падрыхтоўку. Арганізатары мерапрыемства, работнікі ФАЦа, прапанавалі ім пяць спартыўных этапаў: стральбу з вінтоўкі, падцягванне, адцісканне, скачкі ў даўжыню і чаўночны бег. І па выніках усіх спаборніцтваў былі вылучаны самыя спартыўныя хлопцы, якія атрымалі дыпломы і падарункі. Прыемна, што ў пераважнай большасці будучыя салдаты фізічна загартаваныя, некаторым па сілах і падцягнуцца па трыццаць разоў, і адціснуцца амаль восемдзясят разоў, як гэта зрабілі Стас Барашкоў з райцэнтра і Аляксандр Асаевіч з Мікіціхі, і трапіць дакладна ў цэль, як Алег Дземідзенка з Шуміліна. Сапраўды, хлопцы гэтага прызыву маюць добрую фізічную падрыхтоўку, добрае здароўе, зазначыў начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў падпалкоўнік Андрэй Собін.
Павесткі хлопцам уручалі пасля мітынгу – у актавай зале Шумілінскай СШ №1, куды таксама запрасілі работнікаў ваенкамата, бацькоў і родных будучых салдатаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і калектываў.
Шмат цёплых слоў, пажаданняў і наказаў прагучала ў гэты дзень: ад імя ўлады выступіў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вячаслаў Емяльянаў, ад ваенных – палкоўнік актывіст раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Генадзь Шынкевіч, ад матуль – маці навабранца Вера Якубёнак, блаславіў на службу хлопцаў іерэй Вадзім.
“У асенні прызыў беларускую армію папоўняць сорак хлопцаў з нашага раёна, – расказаў А. М. Собін. Хлопцы будуць служыць практычна ва ўсіх войсках. Найбольшая колькасць трапіць у сухапутныя войскі і войскі сіл спецыяльнага прызначэння”.
Першыя навабранцы адправяцца ў ваенныя часці ўжо 15 лістапада. Служыце, хлопцы, сумленна і адважна! А мы вас будзем чакаць!
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №87 ад 09.11.2028 г.