19 кастрычніка асабісты прыём грамадзян і “прамую лінію” ў Шуміліне правёў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін.
Да старшыні абласнога КДК звярнуліся чатыры чалавекі з рознымі праблемамі. Так, на асабісты прыём прыйшла жыхарка аднаго са старых (1960-х гадоў) шматкватэрных дамоў у мікрараёне Шумілінскай СШ №2, якая скардзілася на сырасць у кватэры. Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў, які прысутнічаў падчас прыёму, патлумачыў, што праблема гэтая добра вядомая раённым ўладам. Праблема з сырасцю ў кватэрах на першых паверхах можа быць вырашана толькі пасля падключэння дамоў да цэнтральнага ацяплення (зараз у трох дамах пячное ацяпленне). Гэтыя дамы некалькі гадоў таму былі падключаны да цэнтральнага водаправода і кана-лізацыі, на чарзе – падключэнне да ацяплення. У 2019 годзе будзе заказана праектна-каштарысная дакументацыя, а ў 2020 годзе дамы будуць падключаны да ацяплення, запэўніў Алег Пятровіч.
Жыллёва-камунальных пытанняў тычыўся і званок з вёскі Прыазёрная, дзе жыхары патрабавалі адрамантаваць працякаючы дах і панэльныя стыкі. Работы на доме запланаваныя на снежань бягучага года і будуць абавязкова выкананы, запэўніў дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў.
Жыхар г. п. Обаль, якому не хапае стажу да пенсіі, скардзіўся на службу сацыяльнай абароны і ад-міністрацыю ОКЗ, што яны не могуць падлічыць ягоны стаж правільна. В. У. Заранкін правёў сапраўднае расследаванне, па выніках якога адзначыў, што трэба зрабіць усё магчымае, каб атрымаць неабходныя дакументы пра работу абальчаніна ва Украіне, і больш дакладна растлумачыць сітуацыю грамадзяніну.
Скаргу вадзіцеля аўтамабіля з лясгаса на неабгрунтаванае зніжэнне нормаў расходу паліва вырашана накіраваць у абласное ласагаспадарчае аб’яднанне.
Усе пытанні накіраваны ў адпаведныя арганізацыі і ўзяты на кантроль у абласным КДК да іх поўнага вырашэння, а заяўнікі атрымаюць пісьмовыя адказы ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №82 ад 23.10.2018 г.