Стараюцца зарабіць канікулы
«Чые вы, хлопцы, будзеце?» – жартам пытаемся ў хлопцаў, якія з вёдрамі завіхаюцца на бульбяным полі ва ўрочышчы Янавіль, што ў ААТ “Прыдзвінскі”.
Хлопцы – першакурснікі Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага лі-цэя. Ім верасень адведзены на работу ў калгасе. Праўда, калі справяцца з “фронтам” раней – будуць адпачываць на пазачарговых канікулах.
“У мінулыя гады да нас прыязджалі з ліцэя, дзе у пераважна дзяўчаты, – расказвае дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў. – Але хлопцы працуюць не горш. У іх ёсць стымул – зарабіць грошай і хутчэй вярнуцца ў Віцебск”.
Хлопцы павінны выкапаць 28 гектараў бульбы і выкапанае перабраць. “У добрае надвор’е ўбіраем да трох гектараў, – гаворыць майстар ліцэя І. Г. Шаўкун. – Расцэнкі нам растлумачылі. Часу дарэмна не губляем і ў дажджлівыя дні: перабіраем бульбу”.
Сярод перадавікоў – Аляксандр Ігнацьеў з Браслава. “Падабраць 120 вёдзер за дзень – не мяжа, – смяецца хлопец. – Я заўсёды хутка працую: і дома, і ў калгасе. Ды і хочацца ж дадому прыехаць не з пустымі рукамі”.
Пра ўмовы пражывання ліцэістаў. Адна група навучэнцаў рассялілася па кватэрах, другая – у будынку былога швейнага цэха. І ў інтэрнаце, і ў кожнай хаце ёсць дзе пасушыць вопратку.
Кіраўніцтва гаспадаркі сустрэла навучэнцаў цёпла. Дамовіліся так: абеды абыдуцца ў палову поўнага кошту. Цікавімся, колькі ж вылічаць у хлопцаў за харчаванне. Аказалася, тысяч па пятнаццаць за дзень. Прымальна. Зараз слова – за самімі ліцэістамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №71 ад 16.09.2011 г.