Раённую спартакіяду сярод школьнікаў у новым навучальным годзе адкрыла шкаліяда, у якой змагаліся за перамогу пяці- і шасцікласнікі са школ раёна. Шкаліяда – гэта лёгкаатлетычнае мнагабор’е, у склад якога ўваходзіць бег на кароткую і доўгую дыстанцыі, штурханне мяча і скачок у даўжыню. У спаборніцтвах бралі ўдзел больш за 30 юных спартсменаў.
У камандным заліку сярод гарадскіх школ перамагла каманда Обальскай СШ (настаўнік фізкультуры В. А. Гусакоў), сярод сельскіх – раённая гімназія (С. П. Вашадок), сярод базавых – Башнёўская школа (Я. А. Асташонак). Менавіта гэтыя школы ўзначалілі залік раённай спартакіяды ў сваіх катэгорыях.
У асабістым заліку сярод дзяўчынак першае месца ў Таццяны Зазновай (Обальская СШ), другое – у Аліны Ільінец (Шумілінская СШ №1), трэцяе – у Паліны Арцёменкі (Мішневіцкая школа). Сярод хлопчыкаў першым стаў Кірыл Быкаў з Шумілінскай СШ №1, другім – Ігар Піскун з раённай гімназіі, трэцім – Кірыл Бялоў з Мікіціхінскай СШ.
Па выніках раённых спаборніцтваў сфарміравана зборная раёна для ўдзелу ў абласной шкаліядзе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №73 ад 21.09.2018 г.