У лясную гаспадарку ляснічы Шумілінскага лясніцтва Андрэй Калдуноў, як сам прызнаецца, трапіў выпадкова. Але сёння ніколькі не шкадуе аб гэтым. І, падлічваючы, колькі працуе ў лясгасе (а працуе 18 год), прызнае, што час вельмі хутка бяжыць.
Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума А. Калдуноў пачынаў у Обальскім лясніцтве з лесаруба, пасля працаваў майстрам, памочнікам ляснічага. Прыйшоўшы з арміі, уладкаваўся ў Шумілінскі лясгас началь-нікам прамысловага аддзела, быў і галоўным інжынерам. З 2005 года працуе ляснічым Шумілінскага лясніцтва. Так што прайшоў усе ступенькі і ведае пра лес і лясныя справы ўсё, і нават больш.
Менавіта пасада ляснічага аказалася самай прывабнай і самай цікавай для яго. Работа шматгранная, у якой няма абыдзённасці і аднастайнасці. Кожны дзень падкідвае нешта новае. Лясніцтва само па сабе складанае, самае вялікае і па плошчы, і па задачах, і па аб’ёмах. Уявіце, калі па краіне на аднаго майстра прыходзіцца ў сярэднім 600 га лясных плошчаў догляду, то ў Шумілінскім лясгасе ажно 1700 га.
Тое, што Шумілінскае лясніцтва знаходзіцца ў райцэнтры, накладвае свой адбітак на спецыфіку дзейнасці. Работы дадаецца ў разы: работнікі лясніцтва ў адказе і за раённыя мерапрыемствы, і за добраўпарадкаванне масавых месцаў адпачынку, і за многае іншае, што не ўваходзіць у непасрэдныя службовыя абавязкі.
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2018 г.