Как шумилинские старшеклассники зарабатывают в ПМК-70 свои первые финансы

Актуалии Молодёжь Экономика

Зарабляюць грошы на мабільнікі і джынсы

Лета для старшакласнікаў – гэта не толькі час адпачынку, але і магчымасць заняцца карыснымі справамі. Напрыклад, уладкавацца на работу і падзарабіць грошай. Як, напрыклад, зрабілі 14-17-гадовыя хлопцы і дзяўчаты з СШ № 1, СШ № 2 г. п. Шуміліна і раённай гімназіі, з якімі сустрэліся на мінулым тыдні ў дрэваапрацоўчым цэху Шумілінскай ПМК-70.

Падлеткі працавалі ля ўстройства для ўпакоўкі дроў. У спецыяльны металічны латок яны клалі драўляныя цуркі. Потым падстаўлялі да латка сетку – дровы клаліся туды роўненька (па 7-9 цурак). “Адна сетка важыць каля пяці кілаграмаў, – кажа старшы майстар прадпрыемства Мікалай Ушал. – 12 радоў сетак па шэсць штук укладваем на драўляныя паддоны. Потым  паддоны ўвязваюцца шпагатам – вось у такім выглядзе яны адпраўляюцца на экспарт у Германію. З падлеткамі працую не першы дзень, таму магу сказаць адназначна – яны нам вельмі дапамагаюць. Талковыя. Патлумачылі ім сэнс работы, і зараз яны працуюць так, быццам усё жыццё працавалі з дрывамі. Другая група падлеткаў убірае тэрыторыі ад смецця,  складзіруе будаўнічыя матэрыялы”.
Падчас размовы са школьнікамі мы высветлілі, што на такой рабоце большасць з іх першы раз. Кажуць, што нязвыкла было толькі ў першы дзень, а затым уцягнуліся. “Ды і што тут складанага – складваць дровы ў сеткі? – кажа Віталь Каўшоў, які закончыў дзесяць класаў раённай гімназіі. – Увогуле я да такой работы прывычны. Нават умею калоць дровы – мяне навучыў дзядуля”.
Большасць падлеткаў уладкаваліся ў ПМК-70 на месяц, іншыя плануюць адпрацаваць і больш. Хлопцы і дзяўчаты збіраюць грошы на новыя мабільнікі, планшэты, джынсы і красоўкі. У дрэваапрацоўчым цэху падлеткі вучацца не толькі працавітасці, але і самастойнасці, адказнасці і таварыскасці, уменню падставіць плячо і дапамагчы сябру.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *