На «Славянском базаре» побывали, себя показали

Актуалии Культура Общество

Цяжка ўявіць тэатралізаванае шэсце падчас феерычнага адкрыцця “Славянскага базару” без шумілінскіх барабаншчыц і духавых аркестраў

“Славянскі” дзень году роўны

Той, хто аднойчы прыехаў у Віцебск на “Славянскі базар”, абавязкова прыедзе сюды зноў, каб адчуць сваё ўласнае дачыненне да грандыёзнага форуму, каб напітацца тым творчым духам, што жыве тут.  Кожны дзень “Славянскага базару” па сваім творчым змесце роўны гадам. Творчымі падзеямі літаральна поўніцца кожны метр старажытнага горада над Заходняй Дзвіной. І з кожным годам “Славянскі базар у Віцебску” расце і ўвысь, і ўшыр. Гэты рост актыўна сілкуюць і творчыя таленты нашага раёна.
Цяжка ўявіць, напрыклад, тэатралізаванае шэсце падчас феерычнага адкрыцця “Славянскага базару”  без шумілінскіх барабаншчыц і духавых аркестраў. Яны ва ўрачыстых белых касцюмах  пад блакітным сцягам Шумілінскага раёна, адменна выбіваючы рытмічны дроб і іграючы бравурныя маршы, сапраўды, упрыгожылі шэсце.
Узорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Латковіча, народны духавы аркестр Руслана Матвейчука, а таксама калектыў барабаншчыц “Экспрэсія”, якім кіруе Кацярына Кузьміна, (усе калектывы – Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў) выдатна выступілі на плошчы Перамогі. Абодва духавыя аркестры сталі лаўрэатамі 3 ступені ў абласным конкурсе “Віват, аркестр-2018!”, а народны духавы аркестр Руслана Матвейчука стаў лаўрэатам 2 ступені ў намінацыі “Дэфіле аркестра”.
“Экспрэсія” шумілінскіх барабаншчыц двойчы стала лаўрэатам 2 ступені: у II міжнародным фестывалі-конкурсе барабаншчыц і мажарэтак у намінацыі “Марш-парад “Дэфіле-барабан” і ў намінацыі “Паказ на подыуме “Барабан”, куды дзяўчаты выйшлі ў новых касцюмах.

А тым часам майстры Шумілінскага дома рамёстваў прадстаўлялі свае рамёствы на абласной выставе-продажы, якая разгарнулася ў раёне “Тэатральнага” кафэ. Вось знакаміты на ўсю вобласць майстар па саломапляценні Наталля Сцержанкова дае майстар-клас.

Далей – Кацярына Барабанава здзіўляе прахожых сваімі неверагоднымі лялькамі.

А пад шатамі палаткі Шумілінскага дома рамёстваў гандлююць Вера Кавалёнак і Марыя Дрыбко. Жанчыны, праўда, перажываюць, што няма ранейшага ажыятажу і шчодрых пакупнікоў, тым не менш адчуванню свята гэта не перашкаджае.

Дарэчы, Шумілінскі дом рамёстваў (кіраўнік Анжэла Сяргеева) атрымаў 2 месца ў Нацыянальным свяце-конкурсе народнага традыцыйнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”.

Насупраць выставы майстроў Віцебскай вобласці ў раёне тэатра “Лялька”, на пляцоўках каля Пушкінскага моста і далей па вуліцы Талстога набіраў абароты фестываль вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Наведвальнікам “Славянскага базару” палюбіліся “жывыя” статуі, з якімі рабіліся сотні сэлфі, перформансы, выступленні музыкантаў і артыстаў, паэтаў і дзі-джэяў, плэнеры мастакоў, вогненнае шоу і многае іншае, чым не стамляецца здзіўляць фестываль у фестывалі “На сямі вятрах”.

А ніхто і не сумняваўся, што разам са “Славянскім базарам” у Віцебск прыйдзе дождж. Гэты мокры госць стаў пастаянным атрыбутам і ўдзельнікам свята. Без яго які ўжо базар! Але каго ўжо гэтым спалохаеш. Наадварот, гэта дадае асаблівага каларыту і куражу. І ўсе заяўленыя мерапрыемствы праходзяць у поўным аб’ёме.
На плошчы Свабоды 14 ліпеня, калі на Віцебшчыну абрынуўся лівень, працаваў “Шумілінскі панадворак”, творчая зборная раёна з гонарам абараніла брэнд Шумілінскага раёна, паказаўшы тэатралізаваную праграму “Радзіма малая – радзіма мілая”.
Нічога не перашкодзіла і
Ларысе Дземідовіч пераспяваць усіх частушачнікаў на абласным конкурсе народных інструментаў і частушачнікаў “А музыкі граюць-граюць” і атрымаць дыплом першай ступені.

Ганна Курыленка і Уладзімір Мулькоў паказалі клас. Фота з адкрытых крыніц

Адзначыліся і нашы танцоры на V Турніры бытавых танцаў. Аж да першага месца датанцавалася пара з Обальскага Дома культуры – Ганна Курыленка і Уладзімір Мулькоў паказалі клас. Танцоры з Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу сталі трэцімі.

І не паспеў яшчэ адзвінець “Славянскі базар у Віцебску-2018”, а шумілінцы ўжо робяць наметкі, з чым паедуць у фестывальны Віцебск на наступны год. Прыедзем – паглядзім.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №54 ад 17.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *