Чарнічны сезон у разгары. Час зарабляць грошы
“Толькі самы лянівы зараз не ў лесе, – казалі жыхары вёсак Мішневіцкага сельсавета падчас сустрэч у рамках дня работы з насельніцтвам, які праходзіць тут на гэтым тыдні. – Недаравальна губляць грошы. Чаго ўтойваць: для кагосьці збор ягад дадатковы заробак, для кагосьці – асноўны”.
Нягледзячы на такую акалічнасць, актыўнасць насельніцтва ўсё роўна была высокая – практычна ў кожнай вёсцы на сходах было мнагалюдна. Многія на сустрэчу прыйшлі з чорнымі ад ягад рукамі, бо з раніцы паспелі і чарніц назбіраць. Паразмаўляць з кіраўніцтвам раёна, даведацца пра асноўныя навіны і ўзняць хвалюючае пытанне, як кажуць, тэт-а-тэт, выпадае не так часта.
Група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай працавала на маршруце Мішневічы – Жданоўка – Заобаль.
Ва ўсіх вёсках былі наведаны мнагадзетныя сем’і і сем’і, якія стаяць на кантролі ці рознага роду ўліку. У плане дня работы з насельніцтвам – абавязкова пацікавіцца, як жывуць сем’і, пра што клапоцяцца, якія жыллёвыя ўмовы маюць, чым занятыя дзеткі, ці пад наглядам. Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч асаблівую ўвагу ўдзяляў стану печак і электраправодкі, праводзіў прафілактычную гутарку з бацькамі.
Прадстаўнікоў землеўпарадкавальнай службы цікавіла добраўпарадкаванне, парадак вакол дамоў, сацыяльных і вытворчых аб’ектаў. І трэба зазначыць, што праблемных тэрыторый хапала, было складзена некалькі прадпісанняў. Зоя Вайцянкова з ТЦСАН рэкламавала паслугі, якія сёння аказвае тэрытарыяльны цэнтр. Вяскоўцы хвалілі сацыяльных работнікаў і дзякавалі ім за патрэбную службу.
Ва ўсіх вёсках прайшлі сходы. У Мішневічах, у прыватнасці, ён адбыўся ў сельскім клубе. Гаворка тут ішла пра актуальныя пытанні жыццядзейнасці. Ірына Шалахава больш падрабязна спынілася на рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб занятасці, расклала, як кажуць, на пальцах асноўныя палажэнні дакумента.
Размова, між іншым, была двухбаковай. Вяскоўцы ў сваю чаргу задавалі пытанні, узнімалі праблемы. І дзякавалі, што вельмі радуе. А дзякавалі за гандлёвае і паштовае абслугоўванне. “Гэтыя службы працуюць і ў дождж, і ў спёку, у будні і святы, строга па графіку, – зазначалі жыхары ўсіх вёсак. – Асартымент выдатны. Малайцы”.
У той жа час практычна няма такой вёскі ў сельсавеце, дзе б было ўсё добра з дарогамі. Вельмі прасілі зрабіць што-небудзь, хаця б прагрэйдзіраваць, у Жданоўцы, Роўным, Казьянах, Старыновічах. А заадно высекчы кустоўе ўздоўж дарог.
Жыхароў вёскі Жданоўка не задавальняе графік вывазу смецця. “Нам бы ў летні перыяд два разы ў месяц трактар пускаць, – прасілі яны кіраўніцтва раёна. – Летам смецця намнога больш, ды і псуецца яно хутчэй”.
Паўставала пытанне і па дрывах. Здавалася б, не можа ў краі лясоў, дзе на тэрыторыі Савета ажно два лясніцтвы, быць праблем па нарыхтоўцы дроў. Аднак факт застаецца фактам, пацвердзіла старшыня сельвыканкама Галіна Зязюлька. Чарга на дровы ёсць практычна пастаянна. І тут у нейкім плане і самі вяскоўцы вінаватыя: не пішуць заяў, не робяць заявак. “Як прывучыць?” – задаецца пытаннем старшыня.
У Мішневічах, Панамарах і Скаціцы прасілі сяльчане спілаваць аварыйныя дрэвы, якія ствараюць небяспеку. Былі і іншыя пытанні і праблемы. Усе яны занатаваны і накіраваны адпаведным службам для вывучэння і вырашэння.
У вяскоўцаў, між іншым, у самы бліжэйшы час яшчэ будзе магчымасць сустрэцца з кіраўніком раёна Аляксандрам Снаравым, які 17 ліпеня будзе весці прыём грамадзян у Мішневічах.
Дзень работы з насельніцтвам у Мішневіцкім сельскім Савеце працягваецца.
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКІ.
Надрукавана ў №53 ад 13.07.2018 г.