Плаціць за вываз смецця павінны ўсе
Часта да нас паступаюць звароты па тлумачэнні пытанняў пра неабходнасць заключэння дагавору на паслугу па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА). Людзей, якія пражываюць у індывідуальным жылым доме ці дачы, цікавіць налічэнне аплаты за дадзеную паслугу.
Згодна з заканадаўствам жыхары населеных пунктаў абавязаны заключыць дагавор з ЖКГ на вываз смецця з прыдамавых тэрыторый.
І калі з жыхарамі шматкватэрных дамоў праблемы заключэння такіх дагавораў не існуе, то ў прыватным сектары, асабліва ў вёсцы, пытанні ёсць.
Перш за ўсё дагавор заключаецца з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў бакоў, гэты дакумент вызначае іх правы і абавязкі. Калі паміж выканаўцам і спажыўцом аформлены дагаворныя ўзаемаадносіны, то можна гаварыць пра наяўнасць прававога поля для прад’яўлення прэтэнзій, напрыклад, у выпадку няякаснага выканання паслуг ці няправільнага разліку. Менавіта гэта ў першую чаргу і павінны разумець спажыўцы. У прыватнасці, у Законе “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” дакладна замацавана, што абарона правоў здзяйсняецца толькі пры наяўнасці дагавора.
Грамадзяне нясуць абавязак па раздзельным зборы адходаў і выкідванні іх толькі ў санкцыянаваных месцах. Несанкцыянаванае размяшчэнне адходаў, самавольнае іх пахаванне забаронены. Дадзеныя нормы замацаваныя заканадаўча. Прадаставіць грамадзянам санкцыянаваныя месцы часовага захоўвання адходаў спажывання ў населеных пунктах могуць толькі арганізацыі ЖКГ, якія вядуць дзейнасць па абыходжанні з камунальнымі адходамі.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №535 “Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг” унесены змены ў пералік асноўных жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), згодна з якім паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі з’яўляецца асноўнай, што гаворыць пра абавязковасць яе аказання насельніцтву.
У адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам, калі адзін з бакоў, для якога заключэнне дагавора абавязковае, ухіляецца ад гэтага, другі бок мае права звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб прымусе заключыць дагавор, з аднясеннем усіх судовых выдаткаў. Нагадваем, што такое паняцце як “адсутнасць смецця” заканадаўствам не замацавана.
Налічэнне за абыходжанне з ЦКА робіцца згодна з Палажэннем аб парадку разліку і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду. Так, у прыватнасці, вызначана, што плата за вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку ЦКА разлічваецца па субсідзіруемых тарыфах для насельніцтва, зыходзячы з нарматыву іх утварэння, і колькасці зарэгістраваных па месцы жыхарства.
Калі пажылыя людзі выязджаюць на зіму да дзяцей у горад, яны могуць зарэгістравацца па месцы знаходжання ў горадзе і прадставіць у арганізацыю, якая налічвае плату за абыходжанне з ЦБА, пісьмовую заяву і дакументы, якія пацвярджаюць рэгістрацыю па месцы знаходжання. Калі ў жылым памяшканні зарэгістраваны, напрыклад, тры чалавекі, а пражывае адзін, то плаціць прыйдзецца за траіх. І гэта справядліва, бо тыя, хто жыве ў іншым месцы, там за вываз адходаў не плацяць.
Не рэдкасць, калі дамы выкарыстоўваюць пад дачу, а таксама ёсць жылыя дамы ва ўласнасці грамадзян, у якіх ніхто не зарэгістраваны, у гэтым выпадку налічэнне платы робіцца ўсё роўна, зыходзячы з нарматыву ўтварэння ЦБА на аднаго плацельшчыка па субсідзіруемых тарыфах, што прадугледжана заканадаўствам. Адмовіцца ад аплаты вывазу смецця на дачы ў той перыяд, калі там не жывуць, пакуль нельга.
Нагадаем, што абавязак унясення платы за ЖКП узнікае ва ўласнікаў жылога памяшкання з дня ўзнікнення права ўласнасці на гэтыя памяшканні. У выпадку адмаўлення ад заключэння дагавора на аказанне ЖКП, уласнікі жылых памяшканняў не вызваляюцца ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі.
У выпадку наяўнасці запазычанасці за ЖКП, яна можа быць спагнана ў судовым парадку, а таксама шляхам здзяйснення выканаўчага надпісу натарыуса.
Работнікі ЖКГ працягнуць барацьбу з несанкцыянаванымі звалкамі. Месцы іх з’яўлення таксама абсталююць фотапасткамі. Парушальнікаў будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Штраф за парушэнне заканадаўства прадугледжаны арт. 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь і складае да 50 БВ.
Падводзячы вынік і звяртаючыся да спажыўцоў, якія яшчэ не заключылі дагавор на паслугу па абыходжанні з ЦКА, хочацца нагадаць, што ахова навакольнага асяроддзя – абавязак кожнага, а адмаўленне ад заключэння дагавора з’яўляецца парушэннем заканадаўства.
Алена ТРОШЧАНКА,
начальнік прававой і кадравай службы УП ЖКГ.
Надрукавана ў №49 ад 26.06.2018 г.