Накіраванне – шанс для паступлення
Упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама зацікаўлена ў маладых спецыялістах. Такіх, якія б пасля заканчэння вучобы прыехалі працаваць на вёску і засталіся тут назаўсёды.
“Мы перш за ўсё робім стаўку на выпускнікоў школ нашага раёна, – кажа галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Павел Загацкі. – Таму калі нехта з іх жадае атрымаць сельскагаспадарчую спецыяльнасць, можна прыйсці да нас ва ўпраўленне і ўзяць накіраванне ў каледж ці вышэйшую навучальную ўстанову”.
Што гэта дае?
Па-першае, абітурыенты пры паступленні ідуць па асобным конкурсе. Набраў мінімальную суму балаў – і ты ўжо студэнт. Па-другое, раён бярэ на сябе абавязацельствы забяспечыць першым рабочым месцам. Хаця адпрацаваць на ім трэба будзе пяць гадоў. Па-трэцяе, маладых спецыялістаў у абавязковым парадку забяспечваюць жыллём”.
Сёння нашаму раёну патрэбны аграномы, інжынеры, заатэхнікі, асемянатары, энергетыкі, механізатары, вадзіцелі, бухгалтары і эканамісты.
Куды паступаць?
Заатэхнікаў і ветурачоў рыхтуюць у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
У Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце (г. Мінск) можна атрымаць спецыяльнасці “рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць”, “аўтаматызацыя тэхналагічнага працэсу вытворчасці”, “эканоміка ў галінах АПК”, “тэхнічнае забеспячэнне працэсу сельскагаспадарчай вытворчасці”.
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (г. Горкі Магілёўскай вобласці) вучыць на аграномаў, аграхімікаў, інжынераў, заатэхнікаў. З мінулага года ў акадэмію на сельскагаспадарчыя прафесіі не трэба здаваць тэст па беларускай ці рускай мовах. Дастаткова прайсці два іспыты па профільных прадметах. Больш таго, у выпадку, калі абітурыент не задаволены вынікамі тэсціравання, ён можа здаць унутраны экзамен па профільных прадметах і падаваць у прыёмную камісію дакументы з лепшым вынікам.
Каледжы запрашаюць
Ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама таксама выдаюць накіраванні ў Віцебскі і Смальянскі аграрныя каледжы, у Лепельскі і Гарадоцкі аграрна-тэхнічныя каледжы, у Полацкі аграрна-эканамічны каледж. У гэтых навучальных установах можна вывучыцца на механікаў, энергетыкаў, бухгалтараў, эканамістаў, аграномаў, заатэхнікаў.
Выпускнікі каледжаў маюць магчымасць паступіць у акадэмію ці ўніверсітэт і прадоўжыць навучанне па скарочанай праграме.
Па падліках спецыялістаў упраўлення, сёння ў розных універсітэтах і каледжах на сельскагаспадарчых прафесіях вучацца амаль дваццаць нашых землякоў. Усе яны вернуцца працаваць на сваю малую радзіму. Удакладніць падрабязнасці па пытаннях афармлення мэтавага накіравання можна ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама па тэлефоне 4-10-05.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №47 ад 19.06.2018 г.