Доска почёта Шумилинского района: Алла Карапузова

Актуалии Здоровье Общество

Людзей трэба зразумець
«Некаторыя хворыя выздараўліваюць толькі таму, што ўпэўнены ў майстэрстве доктара».
Гіпакрат.

Сённяшні наш галоўны герой – Ала Анатольеўна Карапузава, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ўстановы аховы здароўя “Шумілінская цэнтральная раённая бальніца”.
На гэтай пасадзе Ала Анатольеўна з 2008 года. Устанаўленне інваліднасці, выдача даведак па вызваленню ад пэўных відаў дзейнасці дарослых і дзяцей,  удзел у рабоце розных камісій па прафесійным аглядзе, выдачы вадзіцельскіх пасведчанняў, у прызыўной камісіі,  непасрэдная работа з інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны і  “чарнобыльцамі” – вось малы спіс таго, што ўваходзіць у службовыя абавязкі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі. “Хоць і працую намеснікам больш за дзесяць год, але ўсё роўна засталася ўрачом”, – адзначыла Ала Анатольеўна на пачатку размовы.
А. А. Карапузаву добра ведаюць у нашым раёне – жанчына адпрацавала ў сферы аховы здароўя больш за 40 год. Пераважна  дэрматавенеролагам,  працавала па сумяшчальніцтве і  педыятрам.
Цяжка ўявіць, што Ала Анатольеўна магла бы стаць не ўрачом.  Хаця такая верагоднасць была. Справа ў тым, што пасля заканчэння школы дзяўчына па прыкладзе сяброўкі вырашыла паступаць у палітэхнічны інстытут у Мінск. “Відаць, лёс адвёў мяне ад прафесіі інжынера. Не прайшла па конкурсе, – усміхаецца жанчына. – Год адпрацавала сыраробам на Шумілінскім сырзаводзе. Гэтага хапіла, каб поўнасцю зразумець, што інжынер – не маё”.
У 1980 годзе Ала Карапузава паступае ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Паступае з першага разу, хаця конкурс быў вялікі. “Нават не ведаю, чаму тады вырашыла падацца ў медінстытут, – расказвае жанчына. – Проста хацелася дапамагаць людзям…”.
На другім курсе інстытута Ала Анатольеўна запісалася ў гурток па скураных і венералагічных хваробах. І гэты кірунак медыцыны дзяўчыну поўнасцю захапіў, а пасля заканчэння ВНУ Ала Анатольеўна стала дэрматавенеролагам.
З 1988 года А. А. Карапузава працуе ў паліклініцы Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Лечыць Ала Анатольеўна тыя захворванні, пра якія ўслых многія не гавораць.
“Чалавек хворы, і няма розніцы – на грып ці на сіфіліс, – упэўнена  Ала Анатольеўна. – Яго трэба вылечыць. І гэта задача ўрача”. Зразумела, што работа ў дэрматавенеролага  занадта далікатная.   Можна сказаць, што тут урач праводзіць цэлае следства. І толькі тады, калі пацыент давярае доктару,  ланцужок набывае завершанасць.
Нягледзячы на вялікі працоўны стаж, А. А. Карапузава пастаянна сочыць за перадавымі тэндэнцыямі ў медыцыне.  Урач добра разумее, што будучае за новымі метадамі і тэхналогіямі. І вучыцца ім трэба ўжо сёння. Ала Анатольеўна карыстаецца любой магчымасцю павысіць свае прафесійныя веды. Так, нядаўна брала ўдзел у рабоце 7-га міжнароднага з’езду дэрматавенеролагаў. “Для сябе асабіста са з’езду ўзяла новыя падыходы ў лячэнні псарыязу, – дзеліцца Ала Анатольеўна. – Вылечыць гэту хваробу пакуль што немагчыма, але спыніць яе развіццё – наша першачарговая задача. І для гэтага ёсць дастаткова сучасных медыцынскіх сродкаў”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №46 ад 15.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *