Раённая бальніца: чарговы этап абнаўлення
У Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы ў пятніцу 25 мая ўрачыста адкрылі адрамантаваны неўралагічны пост.
Абноўленае аддзяленне разлічана на 15 пацыентаў, для якіх падрыхтавана шэсць светлых, утульных палат, у тым ліку дзве – павышанага камфорту. Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў адзначыў, што паэтапная рэканструкцыя ўстановы аховы здароўя вядзецца пастаянна. У 2016 годзе адрамантавана тэрапеўтычнае аддзяленне, зараз вядзецца рамонт рэнтгеналагічнага кабінета, дзе будзе ўсталяваны сучасны камп’ютарызаваны рэнтгенапарат, які дазволіць палепшыць якасць і дакладнасць дыягностыкі, а значыць і лячэння пацыентаў. На чарзе – хірургічнае аддзяленне ЦРБ. Старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць кіраўніцтву вобласці, абласнога ўпраўлення аховы здароўя, якія падтрымліваюць імкненні раёна мець сучасную медыцынскую ўстанову. Так, на рамонт неўралагічнага паста выдаткавана 223 тысячы рублёў, з якіх 136 тысяч выдзеліла вобласць. Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, якая дапамагла ўсталяваць у палатах функцыянальныя ложкі, і ў адрас спецыялізаванай будаўнічай арганізацыі “Вітмедбуд”, якая рамантуе ў шумілінскай бальніцы ўжо не першы аб’ект.
Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач адзначыў, што ў вобласці вядзецца планамерная работа з мэтай роўнага доступу людзей да высакаякасных медыцынскіх паслуг там, дзе яны жывуць. У абноўленых аддзяленнях ствараюцца камфортныя ўмовы для пацыентаў і медыцынскіх работнікаў. Штогод у многіх раёнах Віцебшчыны адкрываюцца новыя ці адрамантаваныя медыцынскія ўстановы, і Шумілінская ЦРБ – толькі адзін з прыкладаў. Кіраўнік абласной медыцыны пацвердзіў, што ў наступным годзе будзе весціся рамонт паліклінікі і хірургічнага аддзялення раённай бальніцы. Юрый Дзеркач адзначыў, што раённыя ўлады не толькі праяўляюць зацікаўленасць у абнаўленні медустаноў, але і шмат робяць для замацавання маладых спецыялістаў у раёне, а кваліфікаваны ўрач – гэта якасныя медыцынскія паслугі для насельніцтва. Ён выказаў падзяку медыкам, якія прысутнічалі на адкрыцці, адзначыўшы, што першае месца Віцебскай вобласці ў рэспубліцы па зніжэнні смяротнасці – гэта агульны вынік работы ўсіх медыцынскіх работнікаў.
Сярод гасцей на адкрыцці абноўленай неўралогіі былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош, дырэктар ДКБУП “Вітмедбуд” Валерый Кучынскі, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Шалахава. Загадчык паста Святлана Лінкевіч пазнаёміла гасцей з умовамі лячэння пацыентаў і работы медыкаў на абноўленым пасту.
Дарэчы, за час работы неўралагічнага паста ў Шумілінскай ЦРБ з 1988 года тут пралячыліся больш за 12 тысяч чалавек.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.