Судьбу человека определяют решения, которые он принимает…

Людзі і лёсы Сельское хозяйство Семья

Смачныя атрымаліся плады, мядовыя
Людскі лёс вырашаюць перш за ўсё жыццёвыя абставіны і тыя рашэнні, якія чалавек прымае на перспектыву – так лічаць Кацярына Афанасьеўна і Рыгор Іванавіч Беліжэнкі з аграгарадка Кардон.
Рашэнне абодвух абраць настаўніцкую дарогу было абдуманым і сур’ёзным. Як і рашэнне стварыць сям’ю.
“У пачатку 50-х працаваў дырэктарам Баркоўскай васьмігадовай школы, — расказвае Рыгор Іванавіч. – Сюды прыехала і Кацярына. Спадабалася адразу:  прыгожая, талковая ў рабоце, з пакладзістым характарам”.
У пачатку сямейнага жыцця Беліжэнкі ўзяліся за будаўніцтва, бо адразу для сябе вызначылі, што будуць жыць асобна ад бацькоў. Услед за хатай з’явіліся гаспадарчыя пабудовы, лазня, гараж…
Калі Баркоўскую школу зачынілі, Беліжэнкі перайшлі ў Кардон. Рыгор Іванавіч і тут заняў пасаду дырэктара. “Муж прыходзіў дадому а восьмай гадзіне вечара, – згадвае Кацярына Афанасьеўна. – Нялёгка мне было адной спраўляцца. А на падворку – дзве каровы, свінні, куры. Брала на сябе асноўны цяжар работы, у дзяцей таксама былі абавязкі. Затое дзве дачкі і два сыны выраслі працалюбівымі:  і з касой умеюць, і з плугам, і карову падаіць”.
Не нахваляцца сваімі дзецьмі Беліжэнкі. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, ва ўсіх добрыя сем’і. Прыязджае з Оршы Святлана, яна таксама настаўніца. Спяшаецца з Наваполацка Генадзь, з Бягомля – Наталля, з Мінска – Віктар. Маюць Беліжэнкі сямёра ўнукаў і адну праўнучку. Могуць гадзінамі расказваць пра іх вучобу, дасягненні і захапленні.
Разам Кацярына Афанасьеўна і Рыгор Іванавіч жывуць пяцьдзесят восем гадоў. Узгадваюць, як гулялі залатое вяселле, калі сабралася ўся іх дружная сям’я. А дзеці падарылі бацькам білеты на адкрыццё “Славянскага базару”. Угадзілі. Беліжэнкі вельмі любяць слухаць песні, разумеюць гумар, зачытваюцца вершамі.
Удваіх займаюцца і пчалярствам, яно прыносіць вялікае задавальненне. Калісьці пчоламі займалася маці гаспадыні, якая жыла ў Галях. Навучыла прамудрасцям пчалінай навукі дачку і зяця. Кожны пчаліны домік у Беліжэнкаў – пад нумарам, падкормка пчол, іх агляд – па схеме. Усё гэта занатоўваецца ў спецыяльны сшытак. А домікі для пчол Рыгор Іванавіч робіць сам.
Гаспадар — добры садавод. Яшчэ працуючы ў школе, стаў па-мічурынску прывіваць пладовыя дрэвы. І сёння ля Кардонскай школы растуць ягоныя яблыні. Каля трох дзесяткаў дрэў прывіў ва ўласным фруктовым садзе. Дабраўся і да яблыні-дзічкі, што расце ў прыдарожнай канаве. Смачныя атрымаліся плады, мядовыя.
Няхай жа такім мядовым будзе і далейшы лёс Беліжэнкаў. Пажадаем ім яшчэ многа гадоў пражыць разам – на радасць сваім дзецям і ўнукам.

Автор Лидия РУМЯНЦЕВА.
Опубликовано в №58 от 30.07.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *