І сталі бліжэй Шуміліна і Алматы
Амаль кожная сям’я на тэрыторыі былога Савецкага Саюза страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны кагосьці з блізкіх. Вось і ў Тагайбаевых з Казахстана змагаліся з фашыстамі два брата. 23 чэрвеня 1941 года з Карабулакскага сельсавета Алакольскага раёна Алма-Ацінскай вобласці Казахскай ССР у Чырвоную Армію быў прызваны старэйшы брат – 36-гадовы Ідрыс Тагайбаеў. А ў 1942 годзе на фронт пайшоў малодшы – Мамырбек.
Мамырбек удзельнічаў у Сталінградскай бітве, прайшоў ад берагоў Волгі да Дуная, сустрэў перамогу ў Югаславіі, жывы вярнуўся дамоў.
Ідрыс трапіў у вайсковую часць, якая знаходзілася у Маскоўскай вобласці. У яго ў Казахстане засталася жонка з сынам і дачкой. Тры гады рэгулярна ішлі лісты з Падмаскоўя. У канцы 1943 года прыйшоў чарговы ліст. “Нічога незвычайнага ў тым лісце не было. Дзед, як звычайна, напісаў, што служыцца добра, цікавіўся сямейнымі справамі. І ні слова пра тое, што яго часць пайшла на фронт, – расказвае ўнук Ідрыса Талеўтай Тагайбаев. – Але гэта быў апошні ліст з арміі. На гэтым сувязь перапынілася. Жонка і дзеці не ведала, што сталася з мужам і бацькам”.
Вось такую сямейную гісторыю расказаў Талеўтай Тагайбаеў, які праехаў у Шумілінскі раён з горада Алматы Рэспублікі Казахстан. Ён прыехаў, каб наведаць брацкія могілкі ў Дворышчы, дзе знайшоў свой апошні прытулак яго дзед – Ідрыс. Больш за 70 год шукалі месца пахавання сваяка Тагайбаевы. На працягу многіх гадоў яны рабілі шматлікія запыты, каб даведацца пра лёс салдата. На большасць запытаў адказы проста не прыходзілі, у лепшым выпадку пісалі: “Прапаў без вестак”. Ішлі гады. Дачка Ідрыса выйшла замуж, нарадзіла семярых дзяцей, сярод іх і Талеўтая. І кожны з гэтай вялікай сям’і ведаў, што знайсці месца пахавання Ідрыса – справа сямейнага гонару.
“Для нашай сям’і 9 мая – асаблівае свята, – расказвае Талеўтай. – Не было ніводнага Дня Перамогі, калі б мы не ўспаміналі пра нашага дзеда. Ужо і мы – унукі – выраслі, завялі свае сем’і, нашым дзецям расказвалі пра прадзеда-франтавіка Ідрыса”.
Апошняе дзесяцігоддзе ў розных СМІ, інтэрнеце часта пішуць пра тое, як сваякі знайшлі месца пахавання сваіх родных, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тагайбаевы таксама спрабавалі знайсці звесткі пра Ідрыса ў шматлікіх інфармацыйных парталах і базах дадзеных, што з’явіліся ў адкрытым доступе.
“У мінулым годзе зайшоў на партал “Памяць народа” і раптам знайшоў звесткі пра свайго дзеда, – расказвае Талеўтай. – У апублікаваных дакументах значылася, што Ідрыс загінуў у Беларусі, у Гарадоцкім раёне. Адразу патэлефанаваў у Гарадоцкі ваенкамат”. Так пачала збірацца інфармацыя пра Ідрыса Тагайбаева. Высветлілася, што пахаваны ён не ў Гарадоцкім, а ў Шумілінскім раёне, у вёсцы Дворышча. “Пра дакладнае месца пахавання стала вядома восенню мінулага года, – расказаў госць з Казахстана. – І адразу пачалі задумвацца пра паездку ў Беларусь”. Вясной 2018 Тагайбаевы “камандзіравалі” Таўлеўтая на шумілінскую зямлю.
На брацкіх могілках ў Дворышчы Талеўтай Тагайбаеў памаліўся на магіле дзеда, пакінуў на ёй зямлю з яго роднага Казахстана, а з сабой узяў жменьку беларускай. “Вось і сталі бліжэй Алматы і Шуміліна, – з хваляваннем сказаў мужчына. – Пачуцці проста перапаўняюць, сэрца дрыжыць”. У Шуміліне госць з Казахстана даведаўся, што дзед загінуў у раёне вёскі Грабніца, пазней быў перапахаваны ў Дворышчы.
“Сямейныя сувязі Тагайбаевых адноўлены, – падсумоўвае Талеўтай. – Упэўнены, што мы яшчэ не адзін раз прыедзем у Беларусь. На развітанне проста хочацца сказаць “дзякуй” усяму беларускаму народу за адносіны да памяці герояў той вялікай вайны.”
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №32 ад 24.04.2018 г.