Спаборнічалі сем каманд. Перамагла СШ №1

Безопасность Образование

Спаборнічалі сем каманд. Перамагла СШ №1

Для чаго трэба вучыць правілы дарожнага руху, якія асноўныя памылкі пры яздзе на веласіпедзе, па якіх прычынах на дарогах гінуць людзі і як гэтага пазбегнуць – пра гэта і многа яшчэ чаго трэба было ведаць удзельнікам атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, каб перамагчы на традыцыйным раённым злёце-конкурсе, які прайшоў на мінулым тыдні ў  СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дзяржаўтаінспекцыя, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
На злёт юных інспектараў дарожнага руху з’ехаліся каманды з сямі устаноў адукацыі раёна. Бачна было, што вучні рыхтаваліся да спаборніцтва, асабліва па ваджэнні веласіпеда. Актыўная трэніроўка і старанне – вось што дапамагло абысці сваіх сапернікаў і выйсці ў пераможцы камандзе з СШ № 1. Увогуле вучні з гэтай школы на сёлетнім конкурсе былі на вышыні, бо іх каманда атрымала першыя месцы яшчэ ў дзвюх намінацыях: у тэарэтычным экзамене на веданне правілаў дарожнага руху і аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпелым. У двух астатніх конкурсах – “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” і “Насценная газета” –  перамагла каманда Обальскай школы.
Былі вызначаны пераможцы і ў індывідуальным заліку. Так, у тэарэтычным экзамене на веданне правілаў дарожнага руху не было роўных Кірылу Быкаву і Кацярыне Вінаградавай (абодва вучацца ў СШ № 1). У конкурсе па аказанні першай медыцынскай дапамогі перамаглі Глеб Бадроў з СШ № 1 і Яна Стоцік з Обальскай школы. Па фігурным ва-джэнні веласіпеда лепш за ўсіх паказалі сябе Паліна Арцёменка з Мішневіцкай школы і Уладзіслаў Міляк з СШ № 2 г. п. Шуміліна.
Па выніках усіх конкурсаў перамагла каманда СШ № 1, другое месца – у Обальскай школы, трэцяе – у Мікіціхінскай. Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Каманда-пераможца будзе абараняць гонар нашага раёна на рэгіянальным этапе абласнога злёту-конкурсу атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, які пройдзе ў канцы красавіка ў Чашніках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №32 ад 24.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *