“№ 13” – сусветны хіт на шумілінскай сцэне
Калі хочаш адназначна дагадзіць свайму гледачу, то выбірай для пастаноўкі камедыю. Ужо не першы год такі выбар для традыцыйнай вясновай прэм’еры робіць народны тэатр раённага цэнтра культуры. У гэты раз яны ўзнавілі на шумілінскай сцэне п’есу вядомага англійскага драматурга Рэя Куні, адну з лепшых камедый апошніх дзесяцігоддзяў, якая ўжо была пастаўлена на шматлікіх сцэнах свету, – “№13”.
У англійскай драматургіі Рэй Куні лічыцца выдатнейшым майстрам камедыі становішчаў. У яго п’есах шмат дзеянняў, недарэчнасцяў і выпадковасцяў, якія неверагодным чынам нагрувашчваюцца адна на адну. Гледачу відавочна анекдатычнасць сітуацый, але развязку, якая абяцае быць нечаканай, ён прадчувае з задавальненнем.
Артыстам народнага тэатра ўдалося зрабіць спектакль яркім, дынамічным і напружаным, чаго найперш патрабуе абраны жанр. Падзеі на сцэне змянялі адна адну настолькі імкліва, што пераказаць сюжэт даволі складана. Калі ў двух словах, то памочнік прэм’ер-міністра Рычард Уілі (Аляксандр Карнілаў) зняў нумар у атэлі для таго, каб правесці час з палюбоўніцай-сакратаршай Джэйн (Ірына Салаўёва). Яго ніколькі не насцярожыў той факт, што нумар яму патрапіў трынаццаты. Але ў далейшым мужчына меў усе магчымыя непрыемнасці, якія толькі можна сабе ўявіць, і якія можа прынесці нешчаслівае чысло.
Непрыемнасці не прымусілі сябе доўга чакаць і з’явіліся ў выглядзе мужчынскага цела (Андрэй Сомаў), заціснутага паміж фрамугамі акна, у самы “гарачы” момант. Што рабіць? Патэлефанаваць у паліцыю нельга, бо як у такім выпадку патлумачыць тое, што вядомы, і галоўнае – жанаты, палітык начуе не дома, а ў нумары з маладой сакратаршай. Значыць, ад “цела” трэба пазбаўляцца. Але ж, як? Вось гэту праблему з пераменным поспехам і рашаюць усе героі спектакля. Для кожнага з іх – гэта першы такі вопыт, таму, вядома, атрымліваецца ў іх усё даволі нязграбна, але сапраўды смешна.
Рэжысёр спектакля Таццяна Багданава даволі ўдала, на мой погляд, размеркавала ролі паміж артыстамі народнага тэатра. Палітык, які заўжды гатовы выкруціцца з любой сітуацыі, уцягнуўшы ў свае праблемы вялікую колькасць людзей, спаўна ўдаўся Аляксандру Карнілаву. Пераканаўчы ў ролі Джорджа Пігдана быў Аляксей Цімафееў, а ў ролі раўнівага мужа сакратаршы Роні – Юрый Раманаў. Нават сама рэжысёр сыграла невялічкую ролю, як вядомы майстар камедыі Эльдар Разанаў, які заўжды з’яўляўся ў кадры сваіх работ у малазначных эпізодах. І наогул, усе артысты былі арганічнымі, і на момант пастаноўкі, прымераўшы на сябе ролі герояў, ужыліся ў іх. Святлана Дземідзенка, Аляксей Пятроў, Ганна Каламіец, Аляксей Пашкевіч – усе, было бачна, атрымлівалі задавальненне ад свайго ўдзелу ў пастаноўцы.
Зрабіць спектакль аб’ёмным і яркім дапамагла работа гукааператара Арцёма Віславухава і мастака па касцюмах Таццяны Янчанкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 24.04.2018 г.