“Старт кар’еры лепш даваць у сельскім раёне”
Цяжка сказаць, ці ёсць у жыцці чалавека найбольш адказны, лёсавызначальны крок, як той, што робіцца кожным без выключэння са школы ў дарослае жыццё. Ты яшчэ, па сутнасці, дзіця, а выбар рабіць павінен самы што ні на ёсць дарослы.
Выдатна, калі ты адчуваеш у сабе прызванне і дакладна ведаеш, якую справу гатовы зрабіць справай свайго жыцця. А калі не? У гэтым сэнсе карысна прыслухацца да слоў бацькоў і настаўнікаў, паспадзявацца на іх жыццёвы вопыт. Такую параду выпускнікам Шумілінскага раёна падчас традыцыйнага раённага злёту выпускнікоў “Выбар прафесіі – выбар будучага” дала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Яна заўважыла, што ва ўсіх галінах эканомікі рэгіёна запатрабаваны высокакваліфікаваныя, адказныя, амбіцыйныя маладыя людзі. Акцэнтавала ўвагу на тым, што ніводны малады спецыяліст яшчэ не застаўся без жылля, раскрыла патэнцыял рэгіёна ў многіх накірунках. Для тых, хто не разглядае варыянту вяртацца пасля вучобу ў свой раён, Ірына Мікалаеўна дадала: “Старт кар’еры лепш рабіць у сельскім раёне”.
“Выдатна было б, каб вы не проста ўгадалі з прафесіяй, а менавіта выбралі яе”, – звярнуўся да выпускнікоў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі. Ён, у сваю чаргу, раскрыў як перавагі вучобы ў міліцэйскіх ВНУ, так і прэферэнцыі і магчымасці для кар’ернага росту, якія чакаюць маладых спецыялістаў у РАУС. Да прыкладу, зарплата ў міліцыі толькі, як кажуць, на першых парах ужо складае 700-800 рублёў. А гэта той яшчэ козыр. Хуткі кар’ерны рост, адпаведна якому павышаецца і заробак, – таксама бонус у скарбонку службы ў праваахоўных органах.
Зацікавіць выпускнікоў работай у медыцынскіх установах раёна прыйшоў галоўны ўрач раёна Канстанцін Баканаў. Ён заявіў, што ўжо сёння гатовы прыняць на работу 30 медыкаў. І нават той факт, што 24 былыя выпускнікі ўжо вучацца на медыкаў, не павінен нікога збянтэжыць – работы хопіць усім. На сённяшні дзень ёсць 8 вакансій урачоў, вельмі не хапае сярэдняга медыцынскага персаналу, фельчараў, медсясцёр. 15 з 42-ух урачоў знаходзяцца на пенсіі і працягваюць урачэбную практыку. Канстанцін Фёдаравіч вывучыў сітуацыю і ведае, што 17 выпускнікоў гэтага года плануюць паступаць у медыцынскія навучальныя ўстановы. Прапанаваў ім выкарыстаць магчымасці мэтавых накіраванняў, якія сёння можна браць нават для паступлення ў каледжы.
Заўжды патрэбны кадры ў будаўніцтве. Чым займаецца будаўнічае прадпрыемства ПМК-70, якую прадукцыю вырабляе, дзе і што будуе, і якія ў сувязі з гэтым спецыяльнасці запатрабаваныя – пра ўсё расказала начальнік аддзела па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Святлана Мацвеева. Сёлета, да прыкладу, яны прымуць у свой калектыў каля 30 чалавек.
Агітвыступленне на карысць сваёй навучальнай установы зрабілі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа. Далей работа працягнулася ў дзвюх секцыях, дзе перад выпускнікамі выступілі прадстаўнікі навучальных устаноў, якія будуць рады маладому папаўненню з Шумілінскага раёна.
Вельмі хочацца пажадаць поспеху, асабліва тым амаль шасцідзесяці хлопцам і дзяўчатам, якія заканчваюць 11 клас. І яшчэ, як бы там пасля не склалася жыццё, ведайце, што студэнцтва – гэта не проста цікава і карысна, гэта цудоўна!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.