Криминал. Происшествия

Происшествия

Бульба
Жыхарка Шуміліна, якая ў чарговы раз прыехала на дачу ў Мікіціху, зніякавела: частка агарода перарытая. Нехта тут капаў бульбу. Па падліках гаспадыні, гэты “нехта” выкапаў каля паўсотні кілаграмаў.
Жанчына выклікала міліцыю. Па гарачых слядах і паказаннях сведкаў было ўстаноўлена: бульбу на чужым агародзе капаў разам са сваёй сужыцелькай раней судзімы за крадзеж мясцовы жыхар.
Прывычка красці
У жыхара райцэнтра з кватэры прапаў электрарубанак і сталовы посуд. Устаноўлена, што гэта справа рук непрацуючага жыхара в. Баёўка. На жаль, гэта не адзіны крадзеж на яго сумленні за апошнія паўгода. Месяц таму ўзбуджалася крымінальная справа па факту крадзяжу вымытай бялізны, што сушылася на падворку адной з жыхарак райцэнтра. А наступны крадзеж быў у суседнім раёне – Бешанковіцкім. Тут вяскоўца затрымалі прама на месцы злачынства – з грудам нарабаванага адзення. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Пакінулі без аховы
Работнікі лясгасу, што працавалі непадалёк ад Крупчына, пакінулі тут на ноч трактар. Тэхніку ніхто не ахоўваў. Невядомыя злодзеі знялі з трактара стартэр, акумулятар і генератар. Узбуджана крымінальная справа.
У лагеры
Двое хлопцаў з Лескавіч узламалі аконную раму і праніклі ў жылы корпус дзіцячага аздараўленчага лагера “Пунсовы ветразь”. У пецярых дзяцей укралі адзенне, абутак і асабістыя рэчы. Агульны ўрон склаў 1,2 мільёна рублёў. Злодзеі затрыманы. Крадзенае канфіскавана.
Рэўнасць
Апоўначы ў РАУС паступіла паведамленне з райбальніцы: брыгада хуткай дапамогі прывезла з пераломамі пенсіянерку. Урачы палічылі неабходным праводзіць лячэнне пацярпелай у рэанімацыйным аддзяленні. Як устанавілі міліцыянеры, пенсіянерку пабіла паленам яе знаёмая. А ўсё з-за таго, што прыраўнавала да свайго мужчыны.
Узлом
У РАУС звярнулася жыхарка райцэнтра па той прычыне, што дзвярныя запоры ў яе доме ўзламаны. З пакоя прапала адзенне і асабістыя рэчы пацярпелай. Агульны ўрон складае 1,3 мільёна рублёў. Злодзей знойдзены і арыштаваны. Ім аказаўся раней судзімы за крадзеж і нідзе не працуючы жыхар Шуміліна.
Мінчанін
У адзін са жнівеньскіх вечароў супрацоўнікі ДАІ ля майстэрні ў Добрыне спынілі мінчаніна, які ехаў на “Опелі”. Правоў кіравання гаражанін пры сабе не меў, бо некалькі месяцаў таму быў іх пазбаўлены. Да таго ж, мужчына быў нецвярозы. І, як высветлілася пазней, прыцягваўся раней да адміністрацыйнай адказнасці за п’янку ў грамадскім месцы. Машына, на якой ехаў парушальнік, пастаўлена на штрафную стаянку РАУС. “Опель” будзе чакаць, пакуль прыедзе гаспадар, які даверыў сваю машыну гора-вадзіцелю. На апошняга складзены адміністрацыйны пратакол.
Матацыкліст
Жыхар Бешанковіч ехаў па вёсцы Стрэлка на матацыкле. Але пры гэтым правоў кіравання не меў. А ў матацыкла не быў пройдзены тэхагляд, не было і страхоўкі. На мужчыну складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Матацыкл адбуксіраваны на тэрыторыю Бешанковіцкага РАУС.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №62 ад 16.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *