На рахунку Святланы Котавай больш за 20 шчупакоў
Многія мужчыны лічаць, што жанчына і рыбалка – паняцці несумяшчальныя. Але ні для каго ні сакрэт, што рыбалка – адзін з папулярнейшых заняткаў не толькі сярод мужчын, але і жанчын. І Святлана Котава гэта даказвае.
– Рыбалка для мяне не толькі хобі і адпачынак, а і ўзаеміны з прыродай. Маё любімае месца – востраў на возеры ў вёсцы Рускі. Ездзім туды летам з начоўкай усёй сям’ёй, – расказвае дзяўчына.
Святлана Котава любіць рыбаліць як летам, так і зімой. Лічыць, што на летняй рыбалцы варта пабываць хаця б дзеля таго, каб пачуць, як на золку прачынаюцца птушкі, убачыць, як пераліваецца раса пад першымі промнямі сонца. А касцёр, ды яшчэ з юшкай – гэта проста задавальненне і неверагодныя станоўчыя эмоцыі.
Хаця на зімовую рыбалку Святлана адправілася намнога пазней. Доўга не магла рашыцца. Але аднойчы паспрабавала – атрымала адчуванні, непараўнальныя ні з чым.
– У нашай сям’і ўсе заядлыя рыбакі – я, муж Аляксандр і сын Жэня, – працягвае Святлана. – З самага ранняга дзяцінства бяром яго з сабой. Асабліва яму падабаецца летам спаць у палатцы. А гэтай зімой упершыню ўдалося з’ездзіць на зімовую рыбалку разам. Прызнацца, любім рыбу як лавіць, так і есці. Ніякіх фірменных страў у нас няма, проста варым юшку ці смажым рыбу, юшку гатуем часцей – гэта ж так смачна!
Да мужчынскага захаплення дзяўчыну прыахвоціў бацька. Святлана і зараз помніць свой першы ўлоў. Гэта былі невялічкія карасікі. І вось ужо больш за 10 год Святлана Котава захапляецца рыбалкай. Карасі па кілаграму для яе цяпер звычайная справа! А вось злавіць свайго першага шчупака ўдалося далёка не адразу. Зараз на рахунку рыбачкі больш за 20 шчупакоў. З апошнім давялося пазмагацца. Паўгадзіны шчупак ірваўся на волю, выпрабоўваючы дзяўчыну на трываласць. Але Святлана змагла перахітрыць рыбу і набыць свой рыбацкі трафей вагой 4,2 кг.
З кожнай рыбалкі Святлана вяртаецца адпачыўшай, а калі ёсць улоў, дык яшчэ і шчаслівай. І ўсім аматарам рыбнай лоўлі, і сабе таксама, яна жадае толькі добрага надвор’я, выдатнага клёву і больш свабоднага часу для любімага хобі.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.