“У нашай спартыўнай школе падрастаюць дзве вельмі добрыя каманды. Першую складаюць дзяўчынкі 2004 года, другую – дзяўчынкі 2005 года нараджэння, – расказвае дырэктар СДЮШАР Алег Асташонак. – Упэўнены, што гэтыя каманды – будучыя прызёры і пераможцы абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Трэнеры Людміла Харкавец і Любоў Бабова не толькі вучаць валейболу, а змаглі выхаваць дух пераможцаў. І гэта вельмі важна”.
І каманды ўжо сёння дэманструюць вынікі. Так, нядаўна каманда дзяўчынак 2005 года нараджэння брала ўдзел у міжнародным турніры, які праходзіў у Міёрах. Пачалі турнір шумілінскія валейбалісткі матчам супраць гаспадароў. У Кацярыны Асташонак, Наталлі Казьміной, Марыі Кралько, Дзіяны Пушняковай, Анастасіі Бабарэкі, Аксаны Быстровай, Аксаны Навіцкай і Марыі Плісуновай атрымлівалася літаральна ўсё: і падачы, і прыёмы, і розыгрышы, і нападзенне. Як вынік – заслужаная перамога. Самае важнае тое, што з такім настроем і жаданнем нашы зямлячкі прайшлі ўвесь турнір. І сведчанне гэтаму фінальны паядынак, у якім наваполацкая каманда не знайшла ні аднаго аргумента супраць шумілінскіх валейбалістак: перамогі ў дзвюх партыях з лікам 25:5.
“На турніры ў Міёрах кожная з дзяўчат паказала, як можа гуляць, – падсумоўваюць трэнеры Людміла Харкавец і Любоў Бабова. – Залог нашага поспеху ў гульнявой дысцыпліне і самааддачы. Хочацца верыць, што гэта перамога стане першай прыступкай прафесійнага росту каманды”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №27 ад 06.04.2018 г.