В Шумилинском районе к посевной готовят 207 тракторов и 24 посевные агрегата

Актуалии Экономика

Рамонт тэхнікі ў разгары

Сакавік – самы напружаны месяц для механізатараў сельгасарганізацый, калі трэба “падцягнуць хвасты”, выправіць недаробкі, паставіць адрамантаваныя вузлы ў трактары, культыватары і дыскатары. Бо не паспееш азірнуцца, як растане снег  і трэба будзе выязджаць у поле.
“Усяго ў сельгасарганізацыях раёна  налічваецца 207 трактароў розных мадыфікацый і 24 пасяўныя агрэгаты, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Мацюшчанка. – З раённага бюджэту на рамонт было выдзелена сто тысяч рублёў. Гэтыя грошы размеркаваны па гаспадарках згодна з пасяўнымі плошчамі і наяўнасцю тэхнікі. Але многім гаспадаркам выдзеленых грошай было мала, таму скарысталі яшчэ і свае – за іх куплялі новыя запчасткі для трактароў”.
На раніцу 29 сакавіка па раёне былі адрамантаваны 184 трактары (89% да патрэбнага). Лепш падрыхтавана тэхніка ў КУСГП “Ульскі” (96%),  ААТ “АграБаравінка” і “Ляжні”, КУСГП “Мішневічы” (крыху больш як 90%). Галоўны інжынер “АграБаравінкі” Леанід Клімушэўскі расказаў, што ўшчыльную рамонтам пачалі займацца ў студзені, калі былі выдзелены грошы і змаглі закупіць недастаючыя запчасткі. “Цэнтральная майстэрня ў нас знаходзіцца ў Башнях, – паведаміў галоўны інжынер. – Але ж работы вядзём яшчэ і ў майстэрні ў Язвіне – у вёсцы жыве токар, які на месцы спраўляецца з многімі непаладкамі. Плануем, што падчас пасяўной на палетках будзе працаваць пятнаццаць трактароў. Дванаццаць з іх гатовы”.
Як сцвярджаюць інжынеры, асноўныя паломкі сельгастэхнікі – у рухавіках, каробках пераключэння перадач і задніх мастах. У пераважнай большасці механізатары гаспадарак займаюцца рамонтам сваімі сіламі. Але ж са складанымі маторамі з энерганасычаных трактароў самастойна справіцца цяжка – патрэбны спецыялісты. Таму такія рухавікі адвозяць на Віцебскі маторарамонтны завод. У бліжэйшы час адтуль павінны прывезці ў сельгаспрадпрыемствы нашага раёна восем рухавікоў.
Па раёне адрамантавана 16 пасяўных агрэгатаў (70% да патрэбнага) і 36 плугоў (81%). Невысокая іх падрыхтаванасць тлумачыцца тым, што большасць сельгаспрадпрыемстваў не мае спецыялізаваных майстэрняў. А шасцімятровы пасяўны агрэгат немагчыма размясціць у невялікім арачніку. Асноўныя работы па рамонце такой тэхнікі арганізаваны на гэтым тыдні і будуць прадаўжацца на наступным, калі пацяплее. З рамонтам мяркуюць справіцца хутка, бо неабходныя  запчасткі ўжо закуплены.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №25 ад 30.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *