31 сакавіка 2007 года Сусветны фонд дзікай прыроды сумесна з выданнем The Sydney Morning Herald упершыню правёў у Аўстраліі акцыю “Гадзіна Зямлі”. У ёй прынялі ўдзел больш за 2 млн чалавек. Праз два гады “Гадзіну Зямлі” адзначалі ўжо на ўсіх 6 кантынентах, святло тушылі нават на станцыях ледзяной Антарктыды, акцыю падтрымалі ўжо 35 краін свету. Сёлета “Гадзіна Зямлі” прайшла 24 сакавіка, у ёй бралі ўдзел больш чым 2 мільярды чалавек са 180 краін свету.
І гэта самая маштабная экалагічная акцыя ў свеце. “Гадзіну Зямлі” ў Беларусі па ініцыятыве таварыства “Зялёная сетка” пачалі праводзіць з 2009 года.
У Шуміліне ініцыятыву грамадскага аб’яднання “ЭкаБум” аб правядзенні мерапрыемства ў гарадскім парку падтрымалі раённыя ўлады. З 20.30 да 21.30 шумілінцы, нераўнадушныя да здароўя планеты, прыйшлі паўдзельнічаць у акцыі.
“Гадзіна Зямлі” выклікала жывы інтарэс у жыхароў райцэнтра. “На мерапрыемства сабралася пад 500 чалавек, – падзялілася лідар “ЭкаБума” Ірына Кулікава. – Многія прыйшлі ў гарадскі парк сем’ямі. А значыць, у кватэрах і дамах больш чым 300 сем’яў на гадзіну было выключана святло”.
У кафэ “Ірыска” прайшла акцыя “У мой кубачак, калі ласка”. “Сэнс акцыі ў наступным: у кафэ бясплатна прапаноўваюць наліць у твой кубак чаю ці каву, – расказала Ірына Кулікава. – Такім чынам, людзі адмаўляюцца ад пластыкавага посуду”.
Самыя актыўная падчас мерапрыемства каталіся на ўласных гіраскутарах. Кожны з ўдзельнікаў атрымаў памятны падарунак.
А на сцэне выступаў вакаліст рок-гурта “Эксперымент-12” Максім Крыгін, які перад пачаткам свайго выступлення адзначыў, што вельмі важна захаваць нашу планету для нашых нашчадкаў. Гучалі добра вядомыя кампазіцыі “Между небом и землёй” , “Я тебя люблю” ,“На Литейном” і інш. Нядзіўна, што многія прысутныя падпявалі Максіму Крыгіну і з задавальненнем танцавалі.
Завяршылася “Гадзіна Зямлі” фаер-шоу. Магія агню падчас імправізацыі легенды пра старажытнага алхіміка зачаравала прысутных. Гэта было сапраўднае феерычнае відовішча. І літаральна праз некалькі хвілін ва ўсіх сацыяльных сетках шумілінцы пад хэштэгам #часземли выклалі відэа.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.