Першы ў гэтым годзе семінар ідэалагічных работнікаў прайшоў 20 сакавіка, у аўторак, на ім былі абмеркаваны найбольш важныя мерапрыемствы, якія хутка адбудуцца ў раёне.
Але пачалі работу з інфармацыі аб выніках правядзення ў раёне выбарчай кампаніі, якую паведаміла старшыня раённай камісіі па выбарах Любоў Казаравец. Таксама Любоў Іванаўна як загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама гаварыла аб практыцы работы са зваротамі грамадзян, у прыватнасці, пра актуальнасць і своечасовасць інфармацыйнага забеспячэння.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая абазначыла актуальнасць мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да Года малой радзімы. Усяго на 2018 год іх запланавана больш за сотню, і ўсе калектывы будуць тым ці іншым чынам задзейнічаны ў іх правядзенні.
Пра важнасць падпісной кампаніі нагадала начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава. Яна прапанавала ўсім ідэолагам трымаць сувязь з поштай і запрашаць паштальёнаў на падпіску ў свае калектывы. “Так вы не будзеце “прывязаны” да пошты і пазбавіце сябе неабходнасці стаяць у чарзе. Мы прыйдзем у любы зручны для вас дзень і час”, – абгрунтавала сваю прапанову Алеся Новікава. Таксама яна заўважыла, што вельмі зручна арганізаваць падпіску па дагаворы. Пошта заключае дагавор з арганізацыяй, і грошы за падпіску на перыядычныя выданні пералічваюцца з рахунку работніка ў дзень зарплаты аўтаматычна. Па такім прынцыпе арганізавалі падпіску для сваіх работнікаў ДРБУ №204, ПМК-70, райгаз. Таксама начальнік пошты заўважыла, што нядрэнна ідзе падпіска сярод педагогаў, у лясгасе, УП ЖКГ, а вось медыкі неахвотна падпісваюцца на перыёдыку.
Таксама на семінары гаварылі пра правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, Святу працы, у якіх мяркуецца ўдзел міжнародных дэлегацый.
На семінары была абазначана журботная для Беларусі дата – 22 сакавіка – 75-годдзе Хатынскай трагедыі. Перад прысутнымі выступіла дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова, а таксама быў прадэманстраваны дакументальны фільм.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 23.04.2018 г.